Вы тут

Ярмошына: Прыслугі не маю, скіслае малако не выліваю — эканомлю як магу

Лідзія Ярмошына

Спачатку размова са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай планавалася на “вузкапалітычную” тэму — пра змены выбарчага заканадаўства. Але даволі нечакана мы пераходзім да “жаночай” і асабістай размовы. Пачынаецца ўсё з фразы пра тое, што з прыходам у парламент дзвюх прадстаўніц дэмакратычнай часткі беларускага грамадства Алены Анісім і Ганны Канапацкай жыццё ў Авальнай зале стала “жывейшым”.

“А я хацела б, каб яно і яшчэ больш жывейшым было”, — нечакана заяўляе Ярмошына.

Еўрарадыё: Можна сказаць, што жанчыны ў нашай краіне палітычна актыўныя?

Лідзія Ярмошына: Я б так не сказала. Большасць мясцовых дэпутатаў — жанчыны, але найчасцей яны проста выконваюць сацыяльную і палітычную замову. Як правіла, гэта жанчыны, якія займаюць пэўныя пасады ў сацыяльнай сферы і да якіх улада звяртаецца з просьбай паўдзельнічаць у выбарах, вылучыць свае кандыдатуры. Я не думаю, што гэта такі ўжо моцны покліч душы. Хоць шмат хто з іх прывыкае да такога становішча і палічылі б знявагай, калі б да іх не звярнуліся з такой просьбай. Але думаю, што гэтую сваю дзейнасць яны ўспрымаюць не як палітычную, а як “статуснае становішча”.

Еўрарадыё: Улады прапануюць вылучыцца, потым, відаць, падтрымліваюць — выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу?

Лідзія Ярмошына: Можна і так назваць, але ж нехта павінен звяртацца! Калі б да мяне не звярнуліся і не сказалі: “Лідзія Міхайлаўна, ёсць меркаванне, што ад Магілёўскай вобласці вам трэба ўвайсці ў склад Цэнтральнай камісіі”, — то адкуль бы я гэта ведала? Калі мясцовыя ўлады не будуць звяртацца з такім заклікам і прапановай, мы можам у выніку проста перадаць на мясцовым узроўні ўладу ў рукі нейкіх прайдзісветаў!

 

Мой шлях — юрысконсульт, кіраўнік справамі гарвыканкама, пенсія

 

Еўрарадыё: А калі б не тая прапанова, як склаўся б ваш лёс? Няма шкадавання, што сталася ўсё так, а не інакш.?

Лідзія Ярмошына: Спачатку працавала б юрысконсультам Бабруйскага гарвыканкама, потым, пасля сыходу папярэдніцы на пенсію, стала б кіраўніком справамі, а потым з гэтай пасады сышла б на пенсію і я. Вось, уласна кажучы, мой шлях — усё вельмі проста. Што вы ўсміхаецеся? Кіраўнік справамі — гэта ўзровень намесніка старшыні выканкама, і гэта цалкам нармальная па статусе пасада для мясцовага ўзроўню! Гэта тая катэгорыя пасадаў, пра якія кажуць, што лепш быць галавой у мухі!.. Ніколі і ні пра што не шкадую. Да ўсяго, я заўжды магу ў Бабруйск вярнуцца — на пенсіі.

Еўрарадыё: А на пенсію калі?

Лідзія Ярмошына: Мой тэрмін паўнамоцтваў — 5 гадоў на пасадзе. Ну, а далей усё будзе вызначаць маё ўласнае здароўе і найперш — магчымасць працаваць. Прынамсі, так сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

За катэдж у Драздах я плачу 230 рублёў камуналкі — 33% свайго заробку!

 

Еўрарадыё: Катэдж у Драздах, дзе вы зараз жывяце, вам не належыць?

Лідзія Ярмошына: Гэта службовае жыллё. За якое я, дарэчы, плачу немаленькую квартплату, сама прыбіраюся, сама займаюся праннем пасцельнай бялізны…

Еўрарадыё: Немаленькая квартплата — гэта колькі?

Лідзія Ярмошына: Нягледзячы на тое, што зімой мы плацім 50% за газ, за апошні месяц я заплаціла 230 рублёў. Гэта нямала, старымі гэта 2 мільёны 300 тысяч! Зімой я скарыстоўваю прыкладна тысячу кубаметраў газу, а самае вялікае ў квартплаце —менавіта кошт газу.

Еўрарадыё: Пойдзеце на пенсію, службовае жыллё ў Драздах забяруць — дзе жыць будзеце?

Лідзія Ярмошына: Пераеду ў свой дом. У мяне ж ёсць і ўласны дом — цяпер там сын жыве, даглядае яго. Нам там хопіць месца дваім. Я туды на выходныя хаджу: прыбіраю там, летам кветкі розныя…

Еўрарадыё: Маглі б і градкі якія…

Лідзія Ярмошына: Магла б, але там усё вельмі дрэнна расце. Некалі, у былыя часы, калі я яшчэ замужам была, мы садзілі, і ў нас раслі нават кабачкі, агуркі. Але лес побач, раса, зямля хоць і нядрэнная, але няўгноеная.

 

Хадзіць да суседзяў у госці ў Драздах не прынята

 

Еўрарадыё: Ці ёсць у тых Драздах да каго ў госці схадзіць?

Лідзія Ярмошына: Там гэта не прынята, хоць і здараецца. Я некалькі разоў там была ў гасцях. Бывае, пойдзеш прагуляцца, а цябе клічуць: “О, сёння ж Новы год — давайце трошкі пасядзім!”. Некалькі разоў такое было, але ўвогуле гэта там не вельмі распаўсюджана. Там жа не больш чым людзі, знаёмыя па службе, але не сябры. Магчыма, у некаторых міністраў жонкі сябруюць, і там тады больш шчыльныя кантакты.

Еўрарадыё: Па соль вечарам ёсць да каго заскочыць пры патрэбе?

Лідзія Ярмошына: Неяк ніхто ніколі не ходзіць… Відаць, няма там праблем з соллю. Да ўсяго, дамы даволі далёка адзін ад аднаго — гэта ж не суседняя кватэра! Каб да некага пайсці, трэба спецыяльна апранацца. Увогуле, крама там свая ёсць, праўда, працуе яна толькі да 20 гадзін.

Еўрарадыё: За здароўем неяк асабліва сочыце — амалоджвальныя працэдуры там?

Лідзія Ярмошына: У нас на тэрыторыі ёсць басейн, і я тры разы на тыдзень туды хаджу. Кожны вечар гуляю абавязкова. Я таму і трымаюся за Дразды, бо там ёсць магчымасць гуляць і ў 10, і ў 11 гадзін вечара — ты ў поўнай бяспецы. Так жа па вуліцах (у горадзе — Еўрарадыё) не пойдзеш боўтацца.

 

Апроч кар’еры я нічым пахваліцца не магу, але я засталася нармальным чалавекам

 

Еўрарадыё: Крыўдзіліся, калі смяяліся з вашых слоў пра жанчын, якім трэба “дома боршч варыць, а не па плошчах шастаць”?

Лідзія Ярмошына: Не, канечне! Ды амаль ва ўсіх анекдотах пра ўзаемаадносіны мужчын і жанчын ёсць фраза пра боршч. Гэта распаўсюджанае паняцце жаночых абавязкаў. Таму фраза і запомнілася, бо пра боршч — сінонім прыгожай фразы “падтрымліваць хатні ачаг”. Альбо людзі без пачуцця гумару, альбо палітызаваныя да такой ступені, што яны не здольныя да крытычных ацэнак падзей, што адбываюцца, і сваіх паводзінаў, могуць гэтую фразу ў нешта ўзвесці. Дзякуй Богу, мы яшчэ не дажылі да фемінізму, сэксізму ды іншых глупстваў, якія так псуюць жыццё заходняму абывацелю. І таму большая частка насельніцтва ставіцца да маёй фразы з усмешкай, гумарам і лічыць яе вельмі ўдалай.

Я не люблю феміністак. Больш за тое, лічу, што гэта людзі, у якіх альбо жыццё не склалася, альбо не вельмі добра з псіхікай.

Еўрарадыё: А ў вас жыццё склалася? Чым вы можаце пахваліцца, апроч добрай кар’еры?

Лідзія Ярмошына: Нічым больш я пахваліцца не магу. Але пры гэтым я засталася нармальным чалавекам і лічу, што ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, нармальная сям’я, нармальная вясёлая маладосць, дзе шмат рамантыкі, — гэта тое, што робіць чалавека шчаслівым. А не палітычная барацьба за нейкія эфемерныя правы. Я пражыла жыццё традыцыйнае, нармальнае для любога чалавека. І я гэтым не ганаруся — лічу, што гэта норма. Ганарыцца тым, што ты жанчына, і нечага патрабаваць — гэта тое ж самае, як ганарыцца тым, што ты нарадзіўся ў сераду і таму табе нешта вінныя за гэта. Мы цалкам роўныя: мужчыны і жанчыны. Так, мне падабаюцца, што нашы мужчыны захавалі рамантызм, што яны ўхажваюць. А ў феміністак гэта называецца “дамагацца”? Слухайце, калі б мяне мужчыны не дамагаліся ў маладосці, я лічыла б, што пражыла няшчаснае жыццё!

 

Я эканомлю — і лішняга не куплю, і прадукты, у якіх скончыўся тэрмін годнасці, стараюся не выкінуць, а скарыстаць

 

Еўрарадыё: Зняцце з вас забароны на ўезд у Еўрасаюз вы ўспрынялі як аднаўленне справядлівасці ці як магчымасць?

Лідзія Ярмошына: Для мяне гэта магчымасць. Калі ты жывеш і можаш планаваць сабе нейкія цікавыя паездкі, жыць становіцца нашмат цікавей. І вясной, падчас адпачынку, я хачу паехаць у тур па Іспаніі і Партугаліі. Мяне цікавяць абедзве гэтыя краіны. Паеду не з індывідуальным турам. Звычайна такія туры вельмі дарагія, а ў нас, чыноўнікаў, прыбыткі не такія ўжо і вялікія. Таму назапашваю і лічу гэтыя грошыкі, якія пойдуць на паездку.

Еўрарадыё: І якая ў вас зарплата?

Лідзія Ярмошына: Такая ж, як у дэпутатаў (каля 1 тысячы долараў — Еўрарадыё). Я не хачу плакацца, але калі падлічыць, то мая “квартплата” ў мінулым месяцы склала 33% ад майго прыбытку. У той час як чалавек з сярэднім заробкам па краіне ў 750 рублёў плаціць за, да прыкладу, двухпакаёвую кватэру 80 рублёў. Гэта толькі 10% ад яго заробку. Не, вядома, у мяне ў любым выпадку застаецца больш, чым у гэтага чалавека, але тое, што ўсё даводзіцца лічыць і старацца зрабіць сваімі рукамі, — гэта ёсць. Таму я і прыбіраю сама, а не прыслуга.

Еўрарадыё: Мы зараз дагаворымся да таго, што старшыні ЦВК даводзіцца эканоміць на чым толькі можна!

Лідзія Ярмошына: Так, я эканомлю. Я і лішняга не куплю, і прадукты, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці, стараюся не выкінуць, а скарыстаць. Я пражыла да такой ступені складаную ў матэрыяльным плане маладосць, што проста не магу выкінуць тварог, у якога сёння-ўчора скончыўся тэрмін прыдатнасці — я абавязкова з яго зраблю сырнікі. Калі малако падкісла — гэта будуць блінчыкі. Я гэтак жа, як і ўсе астатнія, заўжды азіраюся. На гэта.

Еўрарадыё: А ўвогуле азіраецеся, калі бываеце ў горадзе па сваіх патрэбах?

Лідзія Ярмошына: Не. Я ўжо цалкам спакойна хаджу. Проста стараюся паводзіць сябе незаўважна, апранутая я таксама даволі сціпла, таму людзі не звяртаюць на мяне асаблівай увагі.

Еўрарадыё: Апранаецеся дзе? Тут на замову шыеце ці ўжо змаглі нешта за мяжой на акцыях набыць?

Лідзія Ярмошына: Не ведаю, ніколі нічога не магла за мяжой на акцыі набыць… І выбар там вельмі маленькі, і нічога таннага я, у адрозненне ад астатніх, не магу набыць. Што праўда, у мяне зусім нядаўна такая магчымасць з’явілася, і летась я нешта ў Дрэздэне сабе набыла ва ўнівермагу, нешта — у Берліне, нешта — у Італіі. Звычайна тут сабе шыю ў атэлье, бо калі нешта набываць у краме, то табе будзе сустракацца шмат двайнікоў. Але розныя курткі, туфлі — усё набываю ў звычайных крамах кшталту ЦУМа. 

Фота Змітра Лукашука