Вы тут

"Ярмошына планавала намаляваць Лукашэнку 64%", але "яму трэба не менш за 80%"

Акцыя мірнага пратэсту ў Беларусі, 2020 год / unsplash.com

“Калі фальсіфікацыя [выбараў] адбудзецца папраўдзе, то на плошчу выйдзе не купка (300-500 чалавек) палітычных функцыянераў. На вуліцы выйдуць ашуканыя выбаршчыкі, таму што яны пабачаць, што іх выбар не супадае з абвешчанымі вынікамі". Гэта словы экс-кіраўніцы Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай, сказаныя ёю ў 2008 годзе.

А ў жніўні 2020-га плошчы і вуліцы Беларусі запаланілі выбаршчыкі, не згодныя з вынікамі выбараў. Зыходзячы са слоў Ярмошынай, атрымліваецца, што фальсіфікацыя ўсё ж адбылася? Калі так, то хто ў гэтым вінаваты?

— Цалкам імаверна, што Ярмошына сама [колькасць галасоў. — Еўрарадыё] не выпраўляе. Лічбы заходзяць у ЦВК з іншага боку, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё адказны па пытаннях заканадаўства ў сферы канстытуцыйнага будаўніцтва Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч. — Яна ўсяго толькі закрывае вочы на відавочныя парушэнні.

Яе роля — адмаўляць у разглядзе скаргаў, знаходзіць фармальныя памылкі ў дакументах. Адсяваць подпісы як несапраўдныя для таго, каб людзі не маглі зарэгістравацца кандыдатамі ў дэпутаты або прэзідэнты. Ісці на повадзе ў Камітэта дзяржаўнага кантролю і Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Вольна трактаваць выбарчае заканадаўства, будучы ўпэўненай, што ў "лукашэнкаўскай краіне" ёй за гэта нічога не пагражае.

— Лічбы даводзяцца па іншай сістэме, па вертыкалі ўлады выканкамаў, — працягвае Арцём Праскаловіч. — Усе ведаюць арыенцір — 80% плюс-мінус два адсоткі. Усімі магчымымі спосабамі — укідамі на датэрміновым галасаванні, проста прыпісваннем лічбаў — падганяюць лічбу да гэтага выніку. Далей па лесвіцы гэта перадаецца наверх. А ў ЦВК застаецца толькі зафіксаваць фальшывыя лічбы.

Ад асоб, якія ўваходзяць непасрэдна ў склад ЦВК, у нас ёсць інфармацыя пра тое, што ў 2020 годзе Лідзія Ярмошына планавала намаляваць Лукашэнку 64%. Гэта ўзгаднялася з аператыўнымі звесткамі КДБ. Маўляў, большы адсотак выкліча масавыя хваляванні ў грамадстве. І гэтая лічба была намаляваная.

Але тут жа быў тэлефонны званок ад Лукашэнкі пра тое, што яму трэба не менш за 80%. Лідзія Міхайлаўна ўзялася за галаву і перапісала ўсе дакументы так, як трэба. Усе пратаколы і першасныя звесткі, паколькі іх немагчыма было падагнаць пад гэтыя лічбы, былі знішчаныя, — падсумоўвае Арцём Праскаловіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.