Як пакараць гаспадара, які не прыбірае за сваім сабакам на вуліцы

Як пакараць гаспадара, які не прыбірае за сваім сабакам на вуліцы

Прыйшло пацяпленне, гурбы снегу расталі, і вонкі выйшла ўсё, што пад ім хавалася. У тым ліку і сабачыя фекаліі, колькасць якіх на вуліцах выклікае вялікі дыскамфорт гараджан.

“Громава, Слабадская, Ясеніна — вельмі шмат сабак у прынцыпе ў людзей тут. Сабачых адходаў гэтых шмат і на дарогах, і, бывае, у ліфце ці пад’ездзе. Бачна, што чалавек ішоў, утаптаўся і размазаў гэта ўсё”, — распавядае Настасся, жыхарка мікрараёна Малінаўка. — У пясочніцы вельмі шмат. Калі мы ставілі ёлку ўзімку, пайшлі накапаць трохі пяску, каб падсыпаць у вядро. І муж прынёс пясок разам з гэтымі засохлымі сабачымі “справамі”.

Дзіцячыя пляцоўкі — тут улюбёнае месца выгулу сабак. І калі ўлетку мамы адганяюць сабакаводаў, то ў іншы час іх вельмі шмат. Настасся кажа, што і ў іншых месцах гуляць з дзіцем не надта зручна. Тым больш што малыя не кантралююць сябе, куды ўздумаецца — туды і бягуць.

“У нас ёсць роў, зялёная зона невялікая. І мы аднойчы спусціліся з дзіцем туды кветачак нарваць. Але там такія пахі стаялі, што давялося бягом бегчы, таму што ў гэтым ірве яны і любяць выгульваць сваіх сяброў. І проста нават калі міма гэтага рова ідзеш летам, калі цёпла, там такія водары, што проста немагчыма”.

У гэтым раёне няма спецыяльнай пляцоўкі для сабак. Аднак у любым выпадку гаспадары абавязаныя прыбіраць за сваім гадаванцам. У аддзеле добраўпарадкавання Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі кажуць, што дабіцца пакарання парушальніка — працэдура праблемная, і да яе ніхто не звяртаецца:

“Як мінімум мусіць быць фотафіксацыя. І тое не факт, што пратакол складуць з гэтай нагоды. Павінна быць, напэўна, каля трох разоў, каб гэта было зафіксавана чалавекам. Павінныя быць сведкі”.

Спачатку міліцыя ці жыллёвыя службы выносяць папярэджанне. Але калі факт неаднаразова пацвердзіцца, будзе складзены пратакол, які разгледзіць адміністрацыйная камісія. Дарэчы, максімальны штраф за такое парушэнне — 15 базавых велічынь.

У аддзеле таксама паведамілі, што жыхары скардзяцца не на канкрэтных людзей з пацвярджэннем фактаў, а проста наракаюць на загаджаныя вуліцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі