Вы тут

Як падаражэлі прадукты за год і якой інфляцыі чакаць налета

Як падаражэлі прадукты за год / pixabay.com

Пакупнікі пастаянна паведамляюць, што ў краме падаражэў той ці іншы прадукт.

— Па маіх адчуваннях, усё падаражэла не на 10,3%, як кажа афіцыйная статыстыка, а на ўсе 20%, — напісала нам чытачка. — Калі летась я за 200 рублёў цалкам накрыла навагодні стол, то сёлета мне гэтых грошай моцна не хапіла на тыя самыя прадукты.

Еўрарадыё склала ўмоўны прадуктовы кошык для навагодняга стала і паглядзела, наколькі ён падаражэў з мінулага года ў сярэднім і для канкрэтнага пакупніка.

Паколькі сярэднія цэны на прадукты за снежань Белстат яшчэ не апублікаваў, мы ўзялі лістападаўскія і параўналі іх з тымі, што былі ў лістападзе мінулага года.

Інфаграфіка / Еўрарадыё

Атрымалася, што нашы прадукты за гэты час падаражэлі на 10,19%, што крыху ніжэй за лістападаўскую інфляцыю, якая склала 10,3%.

Летась у канцы лістапада і пачатку снежня мы зафіксавалі цэны на пэўныя прадукты ў адной з мінскіх крамаў, каб прасачыць, як зменіцца кошт прадуктовага кошыка за год у канкрэтнага пакупніка. Варта адзначыць, што сёлета некаторыя прадукты гандлёвых марак, якія мы бралі для параўнання, у пачатку снежня былі па акцыйных цэнах, таму аказаліся таннейшымі, чым летась.

Прадуктовы кошык канкрэтнага пакупніка падаражэў яшчэ менш — на 8,6%.

Інфаграфіка / Еўрарадыё

Вадзім Іосуб: "Змена цэн на прадуктовы кошык адрозніваецца ад асабістай інфляцыі"

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб растлумачыў, як атрымалася такая розніца паміж падаражэннем канкрэтнага прадуктовага кошыка і таго самага прадуктовага набору з сярэднімі цэнамі на прадукты ў ім. А таксама расказаў, чаму падаражэнне прадуктовага кошыка нельга ўспрымаць як інфляцыю.

— Інфляцыя — гэта не кошт прадуктовага кошыка. Спажывецкая інфляцыя або індэкс спажывецкіх цэн — гэта змена цэн на кошык тавараў і паслуг. У Беларусі туды ўваходзіць больш за 400 пазіцый. Акрамя прадуктаў харчавання, у ім нехарчовыя тавары, асноўныя паслугі, якія аплачвае насельніцтва, у тым ліку камунальныя, нейкія культурныя, напрыклад паходы ў кіно, — пералічвае аналітык. — Каб скласці гэты кошык, робяцца апытанні людзей, на што яны трацяць грошы на працягу года. І туды трапляюць тыя тавары і паслугі, на якія сярэдні чалавек па выніках апытанняў аддае больш за 0,1% свайго бюджэту. Усё, што менш за гэтую велічыню, туды не трапляе. З нейкай рэгулярнасцю склад гэтага кошыка пераглядаецца.

Эксперт кажа, што, паводле статыстычных звестак, беларусы трацяць на прадукты харчавання штосьці каля 40% свайго бюджэту. Таму калі палічыць падаражэнне свайго харчовага кошыка, то 60% таго, што трацілі, скажам, на бензін, адзенне, паслугі ЖКГ, проста не ўлічваецца.

— Гэтым змена цэн на прадуктовы кошык адрозніваецца ад асабістай інфляцыі, — працягвае суразмоўнік. — Іншы момант, што ў кожным разе інфляцыя будуецца па ўсярэдненым кошыку. Зразумела, што спажыванне кожнага чалавека і ў тым, што датычыцца харчавання, і што датычыцца іншых тавараў і паслуг, адрозніваецца ад вось гэтага сярэдняга кошыка і ад інфляцыі ў цэлым.

Прычым трэба разумець, што ёсць тавары і паслугі, цэны на якія выраслі больш, чым лічба сярэдняй інфляцыі, і, адпаведна, ёсць тавары і паслугі, цэны на якія выраслі менш, тлумачыць эксперт. І ў кожнага чалавека спажывецкі кошык індывідуальны. Хтосьці купляе больш тавараў, якія падаражэлі мацней, хтосьці іх бярэ менш. У першага персанальная інфляцыя будзе вышэйшая, а ў другога — ніжэйшая за афіцыйную.

Якой гадавая інфляцыя будзе ў 2021-м і да якога ўзроўню прыйдзе ў 2022-м

— Па выніках лістапада гадавая інфляцыя была 10,3%. Яна крыху запаволілася ў гадавым выражэнні. У кастрычніку інфляцыя дасягнула 10,5%. Думаю, па выніках года яна апынецца ў дыяпазоне 10–10, 5%, — прагназуе аналітык. — Вельмі важны момант: такая высокая лічба інфляцыі — у два разы вышэйшая за афіцыйныя прагнозы на бягучы год — шмат у чым атрымалася праз знешнія фактары. Гэта значыць, яна імпартаваная. Звязана гэта з тым, што ў свеце адбываецца нябачаны скачок інфляцыі.

Напрыклад, у ЗША, па словах Вадзіма Іосуба, інфляцыя цяпер 6% з лішнім. І гэта максімум за апошнія 30 гадоў.

— Было б вельмі дзіўна, калі б у ЗША была б інфляцыя 6% з лішнім, а ў Беларусі атрымалася б выканаць афіцыйны прагноз 5%, — кажа аналітык. — У Расіі інфляцыя каля 8,5%. Гэта значыць, не моцна ніжэйшая, чым у Беларусі. Ва Украіне прыкладна такая самая, як і ў Беларусі. Гэта значыць, у свеце вельмі моцна выраслі цэны на нафту і іншыя энерганосьбіты, у тым ліку газ, электраэнергію. Выраслі цэны на прадукты харчавання, сыравіну: металы, драўніну. Таму тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта плюс-мінус адпавядае агульнай сусветнай тэндэнцыі. Нельга сказаць, што гэта былі нейкія правалы ў грашова-крэдытнай палітыцы, якія прывялі да такой інфляцыі. З улікам сусветных тэндэнцый наўрад ці гэтая інфляцыя магла быць моцна меншай, чым ёсць, якую ўнутраную грашова-крэдытную палітыку ні праводзь.

Аналітык адзначае, што налета беларуская інфляцыя, як і сёлета, будзе шмат у чым залежаць ад таго, што будзе адбывацца з інфляцыяй у свеце.

— Цяпер некаторыя сусветныя цэнтрабанкі, уключаючы Федэральную рэзервовую сістэму ЗША, нацэленыя ў 2022-м падымаць адсоткавую стаўку, рабіць больш жорсткай сваю грашовую палітыку для запавольвання інфляцыі. Але наколькі іх палітыка будзе эфектыўная, наколькі ў свеце інфляцыя будзе запавольвацца — пакуль пытанне адкрытае. Адназначнага адказу на яго няма.

Зыходзячы з гэтага, у кожным разе прагноз па інфляцыі ў 6% для Беларусі занадта аптымістычны. Я б дапусціў дыяпазон ад 7 да 10%. Ён досыць шырокі. Нявызначанасць звязана менавіта з тым, якая інфляцыя будзе ў свеце, якая інфляцыя будзе ў нашых асноўных гандлёвых партнёраў.

Наконт "уключэння друкарскага станка" беларускімі ўладамі Вадзім Іосуб кажа, што такога, хутчэй за ўсё, налета не будзе.

— Не будзе з адной простай прычыны: у нас асноўныя праблемы і ў эканоміцы прадпрыемстваў, і ў бюджэту звязаныя ў першую чаргу з высокай валютнай запазычанасцю. Дзярждоўг больш чым на 90% у валюце сфармаваны. Большая частка запазычанасці прадпрыемстваў перад банкамі ў валюце. Калі масава надрукаваць грошы, то тут жа вырасце курс долара і абслугоўваць валютныя крэдыты прадпрыемствам і знешні доўг дзяржаве стане толькі складаней. Долары надрукаваць, на жаль, нельга. А друкаванне рублёў не вырашае большасць эканамічных праблем, а толькі пагаршае іх. Зыходзячы з гэтага, асабліва не друкуюць грошы дагэтуль. Наўрад ці вернуцца да гэтай практыкі і налета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.