Вы тут

Як гэта — спяваць прозу Святланы Алексіевіч: прэм'ера дзіўнага фільма

Скрыншот з фільма "Праспяваць Алексіевіч"

У Дзень нараджэння нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч кампанія "Карамболь", прадзюсар Уладзімір Максімкаў і спявачка Руся прадстаўляюць на Еўрарадыё міні-фільм "Праспяваць Алексіевіч".

Ідэя зрабіць спевам прозу Алексіевіч належыць Уладзіміру Максімкаву: маўляў, "балючым" тэкстам пасуе народная імправізацыя, жанры балады, песні, галашэння. Увасобіла ідэю лідарка гурта Shuma Руся Шукюрава. 

"Гэтай акцыяй — маленькім фільмам — Уладзімір Максімкаў намагаецца прыцягнуць увагу людзей да выдання на беларускай мове, — кажа ў размове з Еўрарадыё Руся. — Я разумею, што да Алексіевіч можа быць рознае стаўленне, але гэта наша адзіная нобелеўская лаўрэатка і трэба падтрымліваць такія дасягненні". 

Па словах спявачкі, прапанова Максімкава праспяваць творы Алексіевіч яе спачатку збянтэжыла. Але калі Руся паспрабавала яе ўвасобіць, то зразумела, што дасць рады.

"Уладзімір абраў фрагмент на адвечную тэму кахання. Мы цэлы дзень правялі разам а потым выправіліся ў студыю. Гэта быў экспромт, я адмыслова не рыхтавалася, не запісвала ноты. Я заплюшчыла вочы, думала пра тэкст,і спявала так, як кажа сэрца. Мы зрабілі чатыры дублі. Але ў фільм увайшоў першы".