Вы тут

З дзецьмі і сабачкамі: Shuma прадставіла "мамскі" альбом (фота)

Руся на сцэне / Еўрарадыё

2 лістапада ў культурнай прасторы ОК16 этна-электронны гурт Shuma прадставіў свой трэці па ліку альбом "Me, Mother". Лонгплэй ствараўся падчас цяжарнасці абедзьвюх вакалістак каманды — Русі Шукюравай і Надзеі Чугуновай і планаваўся спачатку як акустычны — з рытуальнымі песнямі з розных куткоў Беларусі. Аднак паступова да яго стварэння далучыўся саўндпрадзюсар Alexis Scorpio, і праз псіха-акустычныя рашэнні кружэлка набыла іншы сэнс.

"Гэта зусім не калыханачкі. Гэта сур'ёзная, сталая, інтымная, глыбокая праца", — кажа Руся і называе альбом лепшай працай гурта. Перад канцэртам спявачка распавяла Еўрарадыё, што каманда гатовая да выступу на 200 адсоткаў. У гэты час у грымёрку да музыкаў заходзілі прыхільнікі — з падарункамі, кветкамі і цёплымі словамі. На канцэрце прысутнічалі і блізкія музыкаў. Напрыклад, маленькая дачка Русі — Ая.

Надзея Чугунова, Руся з маленькай Аяй і Shumaboy

Канцэрт Shuma складаўся з дзьвюх частак: падчас першай гурт сыграў новы альбом. У другой гучалі песні, "замоўленыя" прыхільнікамі: напярэдадні калектыў пацікавіўся ў публікі, што б яна хацела пачуць на канцэрце. За гук быў адказны Аляксей Будзько (Shumaboy). Традыцыйна выступ Shuma суправаджаўся складанымі графічнымі дэкарацыямі, у зале пахла зёлкамі. А напрыканцы шоў прыхільнікі атрымалі магчымасць падняцца на сцэну і спяваць разам з гуртом.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.