Ад Вольскага i Naviband да Лорэнса: новыя песні да Дня Волі

Ад Вольскага i Naviband да Лорэнса: новыя песні да Дня Волі

Да Дня Волі многія беларускія музыкі выпусцілі новыя песні і нават альбомы! Еўрарадыё сабрала іх разам, каб зручней было адчуць усю моц і асалоду ад актуальнай беларускай музыкі.

Генерал айчыннага року Лявон Вольскі напярэдадні 103-х угодкаў абвяшчэння БНР апублікаваў альбом "Трыбунал". LP склалі 10 трэкаў "пра наша жыццё ў гэты складаны, трывожны і натхняльны час". Вольскі кажа, што гэта падарунак беларускаму народу на свята. 

Макс Лорэнс, вядомы па працы з рэперам Сярогай, гітарыстам Валерыем Дзядзюлям, гучнай перамогай на "Славянскім базары" і скандалам з патрабаваннем пераліку галасоў на нацыянальным адборы на "Еўрабачанне" ў 2014 годзе, стрэліў беларускамоўнай песняй "Крок".  Гэта вельмі прыгожы трэк з такімі словамі:

"Усе мы адчуваем у сваіх душах волю, нам адчыняе шлях  бел-чырвона-белы сцяг". 

Пераможцы нацыянальных адбораў на "Еўрабачанне" 2017 і 2020 гадоў — гурты Naviband i VAL — запісалі дуэт "Вольныя сны".

"Дуэт з VAL — гэта той выпадак, калі спантанна, выпадкова і трапна, — распавядае Еўрарадыё Арцём Лук'яненка з Naviband. — Ксюша напісала песню год таму, калі мы месяц жылі на хутары Вайцюшкевіча і пранікліся ўсё прыродай, якая там ёсць. Таму гэтае абуджэнне вясны, пачуццё таго, што ўсё прачынаецца прасочваецца ў песні. І сэнс такі двухбаковы, думаю, і так усё зразумела. Мы сапраўды вырашылі зрабіць гэтую кампазіцыю адмыслова да Дня Волі — "Вольныя сны", — таму што там шмат добрай энергіі і закліка, каб ізноў усё прачыналася".

Гурт Dymna Lotva да Дня Волі стварылі калабарацыю з лідарам Gods Tower Лэслі Найфам. Новаспечаны дуэт нагадвае, што ў Беларусі толькі афіцыйна прызнаных палітвязнямі — тры сотні чалавек.

Удзельніцы гурта Akana Руся Шукюрава і Ірэна Катвіцкая разам з электроншчыкам з Масквы (ён не хоча раскрываць сваё імя) прадставілі новы праект Akana & Wise Bear.

Першым трэкам гурта стала старадаўняя абрадавая купальская песня “То то то”. У межах праекту яна нарадзілася ў тысячны раз, каб гучаць на рэйвах і плошчах. Прэм’ера трэку і кліпа да яго адмыслова ладзіцца акурат перад Днём Волі — галоўным святам свабодных беларусаў.

Над кліпам Akana & Wise Bear працавала каманда Freedom Belarus. У выніку атрымалася сапраўднае разумнае кіно пра жанчын у гісторыі Беларусі. У відэа рэальныя ўдзельніцы беларускіх пратэстаў іграюць ролі сябе і сваіх папярэдніц. Сярод іх можна заўважыць актрысу свабоднага тэатру Юлю Шаўчук і спявачку Сашу Захарык

Спявачка Паліна Сацэвіч і Valgevene mnt выпусцілі кліп на песню Паліны "Не страляй" і прысвяцілі яго памяці Рамана Бандарэнкі. Відэа таксама рабіла каманда Freedom Belarus.

Кампанія "Годна" чарговы раз сабрала спяваючых беларусаў і выпусціла "Ваяцкі марш" ("Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Атрымалася бадзёра!

А супер-гурт RadioQuarantine пераспяваў знакамітую "Без бою" "Акіяна Эльзы", і нешта ў гэтым таксама ёсць :)

А гурт Laudans заспяваў пра "Адзінства". "Мы верым, што з'яднаўшыся можна перамагчы усё. А для таго, каб па-сапраўднаму з'яднацца — трэба перамагчы сябе", — тлумачаць музыкі сэнс песні.

Далучыўся да святкавання і знакаміты ў апошні час дуэт опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук і блогера Андрэя Павука. Яна напісаная адмыслова да сённяшняга свята. "ГЕРОЙ — гэта наша Маці Беларусь. ГЕРОЙ — гэта кожны Беларус, які любіць сваю краіну. Я/ТЫ/МЫ — ГЕРОІ!", — напісалі музыкі.

Гурт "Нагуаль" таксама ў цэты святочны дзень вырашыў прадставіць свой новы веснавы сінгл "Катится Табор", "напоўнены сокамі зямлі, перамяшчэннямі і пераменамі".

NAKA выпусціла відэа на песню "Страна N" на верш Сяргея Ясеніна.

"Цяпер не прынята казаць пра тое, што адбываецца ўнутры. Пра той градус сумневаў, дэпрэсіі, болі, які раздзірае нас. Пра тое, што жыццё чалавечая самы каштоўны дар, які столькі беларусаў цяпер прыносяць у ахвяру дзеля нашай свабоды. І складана не спрабаваць думаць, што такое свабода. І якую цану мы гатовыя плаціць за яе", — распавядае лідарка каманды Анастасія Шпакоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі