Высаджвалі з самалёта, паставілі штамп аб дэпартацыі, потым пусцілі ў Беларусь
![Высаджвалі з самалёта, паставілі штамп аб дэпартацыі, потым пусцілі ў Беларусь](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/14729225_10154669329359515_1710321316259811350_n.jpg.webp?itok=UU_ewOUh)
Украінец Віталь Мароз у чацвер 13 кастрычніка ляцеў з Кіева ў Мінск. Вандроўка аказалася насычанай і незабыўнай.
![Высаджвалі з самалёта, паставілі штамп аб дэпартацыі, потым пусцілі ў Беларусь](/sites/default/files/styles/round_photo/public/paragraphs/round_photo/12107742101537980611495151426868250059406917n.jpg.webp?itok=mDtk9Mew)
“Я прайшоў рэгістрацыю на самалёт, атрымаў квіткі. Да адлёту заставалася хвілін дзесяць, як прыбегла, як яна сказала, прадстаўніца “Белавіі”. Яна загадала: “Мы павінны вас зняць з рэйса. Да нас была тэлеграма. Вас трэба высадзіць. Мы ваш багаж здымаем. Бярыце рэчы і выходзьце з салона”, — прыгадвае Мароз завязку гэтай дынамічнай гісторыі.
З 2013 года яго не пускалі ў Беларусь. Аднойчы знялі з цягніка, двойчы — з аўтобуса. На гэты раз Віталь накіраваў запыт праз сайт беларускага КДБ. І інфармацыі пра тое, што яму забаронены ўезд у Беларусь, не атрымаў. Таму саступаць “прадстаўніцы “Белавіі”, якая прыгразіла паліцыяй, проста так не стаў.
“У мяне быў квіток. Я заявіў, што не збіраюся выходзіць”, — у выніку вылет затрымаўся хвілін на дзесяць.
Як толькі самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце, у салон падняўся памежнік, каб узяць Віталя Мароза "пад апеку".
![Высаджвалі з самалёта, паставілі штамп аб дэпартацыі, потым пусцілі ў Беларусь](/sites/default/files/paragraphs/image/14702401101546833326245153480194073530137136n.jpg)
“Ён суправаджаў мяне да зоны кантролю. Там было яшчэ некалькі памежнікаў. Да мяне паставіліся вельмі ветліва”, — працягвае ўкраінец.
Спаслаўшыся на нарматыўныя акты, ветлівыя беларусы ўляпілі Марозу штамп “Уезд забаронены”. Супрацоўнік аэрапорта меўся адправіць Віталя назад у Кіеў. Але сітуацыя тут жа непрадказальна змянілася, як мяняецца часам знешняя палітыка Беларусі.
“У маёй прысутнасці памежнікі атрымалі званок, з некім пагутарылі і паведамілі, што яны паспяшаліся. Штамп пра дэпартацыю нечакана анулявалі”, — апісвае беларускія цуды Віталь.
![Высаджвалі з самалёта, паставілі штамп аб дэпартацыі, потым пусцілі ў Беларусь](/sites/default/files/paragraphs/image/14671089101546716555795155058145552519153659n.jpg)
Віталь лічыць, што ўсе гэтыя гады ён знаходзіўся ў так званым “чорным спісе” непажаданых асоб. Хоць пра спіс гэты нідзе афіцыйна не паведамлялася.
Прадстаўнікі беларускай авіякампаніі, у апошні час даволі гаваркія з прэсай, прыгоды ўкраінца не каментуюць.
Фота са старонкі ў сацсетках Віталя Мароза