Упершыню ў касцёле ў Беларусі маліліся асабіста за Аляксандра Лукашэнку

Імша ў Шклове

Імша ў Шклове / catholic.by

Упершыню ў Беларусі ў касцёле падчас святой Імшы прагучала публічная малітва асабіста за Аляксандра Лукашэнку, заўважыла "Хрысціянская візія".

Гэта адбылося 10 кастрычніка ў парафіі святых Пятра і Паўла ў Шклове — на малой радзіме Лукашэнкі. У гэты дзень у Шклове святкавалі абласныя "Дажынкі". Імшу цэлебраваў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. На ёй прысутнічала крыху больш за 10 чалавек. Біскуп Яшэўскі, як паведамляюць у прэс-службе курыі, "маліўся за кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, просячы для яго патрэбных ласкаў і Божага благаслаўлення ў служэнні дзеля развіцця краіны, падтрымкі беларускай вёскі і людзей працы".

Таксама прагучала малітва за кіраўнікоў раёнаў, кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, памочніцу Лукашэнкі — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец, старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку.

У Каталіцкім касцёле прынята маліцца агулам за ўладу падчас святой Імшы. Але такая малітва асабіста за Лукашэнку ды іншых чыноўнікаў прагучала ўпершыню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.