Вы тут

Украінец вёз праз Беларусь кантрабанду — 2 тысячы флаконаў з гармонам росту

Фота: Дзяржаўны мытны камітэт

Буйную кантрабанду лекавых сродкаў выявілі мытнікі ў пункце пропуску “Прывалка”, што на беларуска-літоўскай мяжы. Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, у адной з машын знайшлі 2 тысячы флаконаў з гармонам росту NANOTROP.

Нелегальную партыю гэтых сродкаў вёз грамадзянін Украіны. Ён ішоў праз мытню чырвоным калідорам, каб задэклараваць свой аўтамабіль. Пасля праверкі дакументаў мытнікі вырашылі зладзіць дадатковую праверку і знайшлі тайнік. Дзеля гэтага давялося правесці сканаванне транспартнага сродка.

Партыя прэпарата ацэньваецца ў 43 тысячы рублёў. Кантрабанда затрыманая разам з аўтамабілем. На кіроўцу завялі адміністратыўную справу.