У якой каўбасе захоўваецца свіная чума?

Беларуская каўбаса ў Расіі пад забаронай. Пакуль што гэта на карысць: аптавікі на ўсякі выпадак “падчысцілі” склады экспарцёраў.

“У нас была прадукцыя. Калі яна прыбывае, мы адразу адпраўляем яе — у рэгіёны і па Маскве. А зараз прадукцыі ніякай няма, нават на складзе. Як з’явілася гэтая забарона, натуральна, усё разабралі”, — распавядаюць Еўрарадыё ў маскоўскім прадстаўніцтве Барысаўскага мясакамбіната.

Сузаснавальнік маскоўскай гандлёвай сеткі “Белорусский фермер” Сяргей Шаўчэнка не бярэцца прагназаваць, колькі пратрымаецца забарона на беларускую свініну. Але ўжо думае, як замяніць на прылаўках свіную каўбасу на ялавічную.

Сяргей Шаўчэнка: “Мы не атрымлівалі прамой забароны ад Анішчанкі, ад ветэрынараў на прыёмку і водпуск тавараў з Беларусі. Але мы ўсе ў чаканні. Пакупнікі перапытваюць: “Ці можна будзе заўтра гэтую каўбасу набыць?” Ну, сочым за палітычнай абстаноўкай”.

З палітыкай, а зусім не з афрыканскай чумой (АЧС) звязваюць забарону на ўвоз беларускай свініны ў Расію і на нашых мясакамбінатах. Але ці ёсць у беларусаў нагоды быць незадаволенымі? Расія “не баялася” нашай каўбасы на два месяцы даўжэй, чым Польшча, Літва і Латвія, што забаранілі яе яшчэ 26-27 чэрвеня. З нашых суседзяў толькі Украіна абвясціла пра забарону яшчэ пазней — 2 верасня.

Нагадаем, паводле ліста з Рассельгаснагляду, ад 30 жніўня пад часовую забарону трапляе беларуская свінагадоўчая прадукцыя, якая не прайшла апрацоўкі пры тэмпературы не ніжэй за 72 градусы. Менавіта такая тэмпература гарантуе знішчэнне віруса афрыканскай чумы свінняў.

Еўрарадыё вырашыла прыгледзецца да гэтай лічбы і высветліць, ці ёсць у Беларусі каўбасы, не абароненыя ад афрыканскай чумы тэрмічнай апрацоўкай.

“Усе каўбасы праходзяць тэмпературную апрацоўку, за выключэннем вяндліны, сыравэнджаных вырабаў. Астатняе ўсё — варка”, — распавядае Еўрарадыё намеснік дырэктара Ваўкавыскага мясакамбіната па вытворчасці Аляксандр Гесь.

“Вараная каўбаса гатовая па дасягненні 72 градусаў унутры батона, — удакладняе галоўны тэхнолаг Барысаўскага мясакамбіната Святлана Філіманчук. — А вось там, дзе сыравэнджаныя, сыравяленыя каўбасы — там меншая тэмпература”.

Такім чынам, прывідная пагроза ад беларускіх каўбасаў усё ж ёсць. Калі раптам на наш мясакамбінат трапіць свініна з АЧС, праз вырабы з яе вірус можа быць перанесены ў Расію.

Ёсць патэнцыйная небяспека, што такім чынам АЧС распаўсюдзіцца і па Беларусі. Набыўшы ў краме каўбасу, што не праходзіла тэрмічную апрацоўку, чалавек нясе яе дадому і можа заразіць свінняў, якія жывуць на яго падворку. Што праўда, на ўсіх без выключэння мясакамбінатах Еўрарадыё распавялі пра дадатковыя меры бяспекі. Маўляў, афрыканская чума свінняў не пройдзе!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі