Вы тут

Беларусы больш не могуць праверыць свініну на афрыканскую чуму

Фота: region-tyumen.ru

10 красавіка Рассельгаснагляд абвясціў, што ў Беларусі эпідэмія афрыканскай чумы свіней. Пастаўкі беларускай свініны ў Расію спыненыя. Прэтэнзіі расійскага ведамства тычацца сасісак “Кракаўскія” і варанай каўбасы “Часночная Смак” Гомельскага мясакамбіната, у якіх бранскія ветэрынары выявілі геном віруса АЧС.

Тым часам сасіскі, у якіх Рассельгаснагляд знайшоў чуму свіней, можна без праблем купіць у краме! Вось яны — “Кракаўскія” з аднаго з гомельскіх “Еўраоптаў”:

Афрыканская чума свіней не шкодзіць чалавеку, таму есці гэтыя сасіскі не страшна. Але непрыемна: усё ж такі, калі давяраць Рассельгаснагляду, нейкі вірус у іх сядзіць… Як праверыць, ці ёсць у сасісках АЧС?

Як было ў 2014 годзе?

У мінулую ўспышку афрыканскай чумы свіней у 2014 годзе праверыць мяса на вірус было няцяжка. Тады кожны жадаючы мог прынесці яго ў Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр — свабодна і нават бясплатна.

За чатыры гады ўсё кардынальна змянілася. Цяпер, калі ты хочаш праверыць прадукты, тупай у мясцовую ветэрынарную службу за накіраваннем, ці ў дэпартамент ветэрынарнага нагляду. Толькі пасля гэтага прадукты можна здаць на аналіз у лабараторыю вірусалогіі:

"Усе аналізы ў нас праходзяць па напрамках дзяржаўнай ветэрынарнай службы, ці праз дэпартамент ветэрынарнага нагляду. Калі ўсё ж спажывец захоча праверыць мяса, дык яму трэба звяртацца па месцы прапіскі ў ветэрынарную службу. З імі ўзгадніць, атрымаць накіраванне, пасля гэтага зноў звярнуцца да нас. Цяпер гэта пытанне дзяржаўнае", — тлумачыць загадчык аддзела вірусалогіі дзяржаўнага ветэрынарнага цэнтра Таццяна Аляксандраўна.

Не кожны будзе бегаць па горадзе з адной дзяржаўнай установы ў іншую, каб проста паесці сасісак. Але ніяк інакш цяпер мяса не праверыць. Лабараторыі пры рынках не праводзяць аналізаў на афрыканскую чуму свіней.

"Лабараторыі пры рынках праводзяць аналізы на нітраты, нітрыты і радыялогію. Сёння ўсе мясныя прадукты, для таго каб прадавацца на рынку, павінны мець пакет суправаджальных дакументаў. Пачынаючы ад сельсавета, і да дзяржаўнай ветэрынарнай службы, — працягвае Таццяна Аляксандраўна. — Хай спажыўцы не купляюць неправеранае мяса на рынку, а купляюць мяса, якое даследаванае і завезенае на яго не падпольным шляхам. Трэба весці тлумачальную працу, каб нашы людзі патрабавалі пакет дакументаў, перш чым куплялі мяса".

Але што казаць пра рынкі, калі сасіскі, у якіх Рассельгаснагляд знайшоў афрыканскую чуму свіней, прадаюцца ў звычайнай краме? Так, беларускія ўлады адмаўляюцца прызнаваць распаўсюджванне АЧС. Аднак у Гомельскім раёне (якраз там, дзе мы набылі “Кракаўскія”), за апошнія месяцы было знішчанае ўсё пагалоўе свіней — каля 73 тысяч.

Вось і думай цяпер, ёсць чума ў сасісках ці няма…