Прадукцыю беларускай кампаніі часова забаранілі ўвозіць у Расію
Сала, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
У Расію забаронены ўвоз і транзіт усіх відаў мясной прадукцыі беларускага ТАА "Вялес-Міт". Адпаведную забарону выдаў Рассельгаснагляд.
Таксама расійскае ведамства папрасіла Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі прыпыніць ветэрынарную сертыфікацыю прадуктаў ад ТАА "Вялес-Міт" у Расію ды іншыя краіны ЕАЭС.
Падазрэнні ў Рассельгаснагляду выклікалі дзве партыі свінога шпіку масай 43,6 тоны. Прадукцыя накіроўвалася на адрас казахстанскага прадпрыемства па падробленым ветэрынарным сертыфікаце.
Расійскія чыноўнікі засумняваліся ў праўдзівасці звестак пра паходжанне сыравіны. Яны мяркуюць, што яна паступіла з Даніі.
Таксама ў Расіі ўзніклі прэтэнзіі да якасці прадукцыі. У пробах былі выяўленыя рэшткі лекавых прэпаратаў (у тым ліку антыбіётыкаў), неадпаведнасць па мікрабіялагічных паказчыках — лістэрыі і бактэрыі групы кішачнай палачкі.