Вы тут

У свеце неспакойна: навошта Меркель падарылі кізіл і куды не паклікалі Беларусь

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Калі не ведаеце, што падарыць бліжняму, — пачытайце, які сімвалічны падарунак уручылі Ангеле Меркель. Калі апускаюцца рукі — пачытайце гісторыю затопленай партугальскай вёскі.

Калі проста хочацца быць у курсе навін — чытайце рэгулярныя агляды Еўрарадыё.

Каго не паклікалі на "саміт за дэмакратыю"

У снежні пройдзе "саміт за дэмакратыю". Гэты саміт — ідэя Джо Байдэна, якую ён абвясціў калі яшчэ не быў прэзідэнтам. Саміт будзе ў відэафармаце, цяпер па спісе запрошаных вызначаюць, у каго, на думку Вашынгтона, дэмакратыя ёсць, а ў каго яшчэ няма.

З постсавецкіх краін паклікалі Украіну, Арменію, Грузію, Малдову, Літву, Латвію і Эстонію.

Не паклікалі на саміт даволі многіх. А вось адзіная краіна ЕС, якую не запрасілі, — Венгрыя. І так, Беларусь таксама не ўдзельнічае.

Куст кізілу для канцлеркі

Сёння тры вядучыя палітычныя партыі Германіі раскажуць, да чаго дамовіліся ў спробах стварыць кааліцыйны ўрад. Хутчэй за ўсё, Олаф Шольц з левацэнтрысцкай партыі сацыял-дэмакратаў зменіць на пасадзе канцлерку Ангелу Меркель, але афіцыйна гэта стане вядома толькі ў снежні.

Сёння ж прайшло апошняе пасяджэнне дзейснага кабінета міністраў на чале з Меркель. Яна правяла на пасадзе канцлера ФРГ 16 гадоў! І Шольц паднёс ёй развітальны падарунак — куст кізілу для вырошчвання дома.

Ангела Меркель / Raimond Spekking

Гэта не жарт над канцлеркай, а глыбока сімвалічны падарунак. Расліна прыносіць плады чорнага колеру — ён сімвалізуе ХДС/ХСС. А глеба, на якой расце кізіл, павінна быць вельмі вільготнай. Па-нямецку — sauer. Сугучна з прозвішчам мужа Меркель — Ёахіма Заўэра.

Калі лічыць усё сэнсы, атрымаецца вельмі кранальны прэзент. Прысутныя апладзіравалі.

Шведы ўпершыню абралі прэм'ерам жанчыну

Сто гадоў таму шведкам далі права голасу. А сёння ў скандынаўскай краіне ўпершыню выбралі шведку прэм'ер-міністрам.

Магдалена Андэрсан, лідарка сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, новая прэм'ерка, да гэтага была міністаркай фінансаў. Яшчэ нюанс — на пасадзе міністра фінансаў яна таксама была першай жанчынай.

Праца будзе нялёгкая: Андэрсан узначаліць урад меншасці.

Усё вяртаецца

Ніколі не здавайся, нават калі горш няма куды. Іспанская вёска Асерэдо сышла пад ваду ў 1992 годзе. Гідраэлектрастанцыя на партугальскай рацэ Ліма закрыла шлюзы, і паток, які пачынаецца ў Іспаніі, разліўся і затапіў вёсачку.

Як выглядае вёсачка, калі вада сыходзіць / AFP

Але часам узровень вады ў рацэ падае, і тады затопленая вёска паказваецца на паверхні.

Калі населены пункт затапіла, мясцовыя жыхары адтуль ужо з'ехалі. Партугальская гідраэнергетычная кампанія доўга ўгаворвала іх — ёй вельмі патрэбна была плаціна. Кампанія прапаноўвала грошы і нарэшце здолела пераканаць 51% насельніцтва вёскі. Астатнім таксама давялося пагадзіцца і сабраць валізкі.

Але калі ўзровень вады падае, можна разгледзець домікі, старыя аўтамабілі, сцежкі і нават асабістыя рэчы мясцовых жыхароў. Нішто на зямлі не сыходзіць пад ваду бясследна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.