Кіраўнік Ваеннага камітэта НАТА заявіў аб гатоўнасці альянсу да эскалацыі з боку Расіі
Старшыня Ваеннага камітэта НАТА адмірал Джузэпэ Каво Драгонэ / decode39.com
Старшыня Ваеннага камітэта НАТА адмірал Джузэпэ Каво Драгонэ заявіў, што альянс цалкам гатовы да магчымай эскалацыі з боку Расіі, у тым ліку да ўжывання артыкула 5 Паўночнаатлантычнага дагавора. Ён сказаў пра гэта пасля сустрэчы кіраўнікоў абаронных ведамстваў 32 краін НАТА ў Капенгагене. Яго словы прыводзіць tvn24.pl.
Драгонэ выступаў на канферэнцыі Ваеннага камітэта НАТА, якую сам узначальвае. Канферэнцыя збірае начальнікаў абароны краін альянсу і ўваходзіць у лік найважнейшых рэгулярных сустрэч вышэйшага ваеннага кіраўніцтва НАТА.
"Усё ўжо прааналізавана. Толькі для ўсходняга флангу ў нас чатыры тысячы старонак планаў. Яны ахопліваюць усё — ад невялікага крызісу або правакацыі на нашай тэрыторыі да ўвядзення ў дзеянне артыкула 5", — сказаў адмірал.
Паводле яго слоў, у выпадку эскалацыі "альянс гатовы".
"Гатовыя структура, салдаты, сістэмы і ўзбраенне", — пералічыў ён.
Драгонэ дадаў, што НАТА працягвае нарошчваць гэтыя сілы "як па колькасці, так і па тэхнічным узроўні".
Адмірал таксама заявіў, што "у выпадку нападу мы ведаем, што рабіць".
"Магу вас запэўніць, што сёння агрэсар страціць значна больш, чым набудзе", — падкрэсліў ён.
Як адзначае Politico, гэтыя словы прагучалі на фоне ўсё больш частых папярэджанняў еўрапейскіх лідараў аб магчымай расійскай эскалацыі ў Еўропе.
Раней прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск папярэдзіў, што "у бліжэйшыя некалькі месяцаў" Расія можа запусціць дроны або ракеты ў бок краін усходняга флангу НАТА.
Паводле даных tvn24.pl, пра такую ж пагрозу пазней казалі лідары Францыі і Нідэрландаў.