Трамп пагражае прыпыніць гандаль з Еўрасаюзам за збліжэнне з Канадай

Дональд Трамп

Дональд Трамп / East News / Matt Kelley

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назвaў "смяхотнымі" планы Еўрасаюза даць Канадзе асацыяванае чалецтва.

У адказ ён пачаў пагражаць уладам ЕС, што ўвядзе гандлёвыя санкцыі: "Калі яны зробяць гэта і я хоць бы ў найменшай ступені палічу гэта недружалюбным актам, я ўвяду вельмі высокія пошліны ці спыню гандаль з Еўропай".

16 верасня кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у Еўрапарламенце прапанавала надаць Канадзе статус асацыяванага чальца — упершыню ў гісторыі ЕС. Што менавіта будзе ўключаць гэты статус, бакі яшчэ маюць узгадніць на перамовах.

17 верасня ў Еўрапарламенце запланаваны выступ Марка Карні — прэм'ер-міністра Канады.

Збліжэнне Канады і Еўрасаюза адбываецца на фоне непаслядоўнай і непрадказальнай палітыкі Злучаных Штатаў у часы прэзідэнцтва Дональда Трампа. Нядаўна прэзідэнт ЗША ўвёў высокія імпартныя пошліны на шэраг канадскіх тавараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.