Аэрапорт Берліна часова спыняў працу праз невядомы беспілотнік
Аэрапорт Берліна / Wiki
Берлінскі аэрапорт Бранденбург часова спыняў працу пасля паведамленняў пра невядомы беспілотнік у раёне аэрапорта.
Пра гэта ў X паведаміў сэрвіс адсочвання палётаў у рэальным часе AirNav Radar. Паводле даных сэрвісу, з-за інцыдэнту адмянілі шэсць рэйсаў, яшчэ 193 рэйсы затрымаліся. Як паведамляе AirNav Radar, зараз аэрапорт зноў працуе, выкананне палётаў аднавілася.
Нагадаем, у пачатку жніўня ў аэрапорце Лейпцыг/Гале выявілі два дроны са выбухоўкай. Адзін з іх знаходзіўся побач з украінскім ваенна-транспартным самалётам, другі — непадалёку ад аэрапорта. Кіраўнік МУС Германіі Аляксандэр Добрындт пазней заявіў, што выканаўцы "гібрыднай атакі" дзейнічалі па заказе расійскіх дзяржаўных структур.
Яшчэ адзін невядомы беспілотнік 14 верасня ўпаў побач са стратэгічным ваенным аэрадромам Вунсторф. На гэтай базе размяшчаецца транспартная авіяцыя Бундэсвера, у тым ліку ваенна-транспартныя самалёты Airbus A400M.
Акрамя інцыдэнтаў з беспілотнікамі, у Германіі ў апошні час адбываліся атакі і спробы дыверсій на аб'ектах энергетычнай інфраструктуры.