Вы тут

У свеце неспакойна: Аўстрыя закрытая, у Чылі выбары, у Белым доме — елка

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У Аўстрыі лакдаўн, у Чылі — вельмі яркія выбары, у Еўропе ўсё яшчэ гавораць пра крызіс на мяжы з Беларуссю. Увогуле, у свеце неспакойна. Затое спакойна ў Белым доме — туды ўжо і елку прывезлі.

Ціханоўская паспела, а ты — не

Усеагульны лакдаўн. Ежу з рэстаранаў і кафэ можна браць толькі на вынас. Фітнес-цэнтры, цырульні, крамы не працуюць. Нешта купіць можна толькі ў прадуктовым або ў аптэцы.

Без уважлівай прычыны з дому выходзіць таксама нельга. Але на шпацыр — можна.

Гэта не леташняя навіна — гэта новы лакдаўн у Аўстрыі. Пад заслону паспелі правесці канферэнцыю па Беларусі з удзелам Святланы Ціханоўскай — і ўсё, ніякіх больш актыўнасцей.

Лакдаўн у Аўстрыі

Правыя і левыя

Вельмі кансерватыўны палітык Чылі Хасэ Антоніа Каст хоча быць прэзідэнтам. Ён апраўдвае рэжым Піначэта, выступае за пашырэнне паўнамоцтваў праваахоўных органаў і зніжэнне падаткаў.

А яшчэ хоча быць прэзідэнтам малады экс-лідар студэнцкіх пратэстаў Габрыэль Борык. Ён — за ўвядзенне падатку на раскошу, усеагульную бясплатную адукацыю, павелічэнне збораў з горназдабыўной прамысловасці.

Абодва палітыкі выйшлі ў другі тур. У Чылі будуць настолькі цікавыя выбары, што прэзідэнт ужо папрасіў кандыдатаў не апускацца да папулізму. І не дапусціць расколу ў грамадстве.

Давайце перадумаем

Прэм'ер-міністр Віктар Орбан дапусціў, што Еўрасаюз захоча перадумаць. 

Еўропе не падабаюцца міграцыйныя законы, якія прыняў урад Орбана. Еўрапейскі суд ужо сказаў: законы няправільныя. Яны фактычна ідуць насуперак законам ЕС.

Па-першае, паводле закона нельга падавацца на прытулак, калі прыбыў з краіны, у якой табе не пагражае небяспека. Па-другое, супрацоўнікам арганізацый, якія дапамагаюць бежанцам са складаннем просьбы аб прытулку, можа пагражаць крымінальны пераслед. Не ва ўсіх выпадках, а толькі калі загадзя вядома, што гэта прашэнне не мае шанцаў на поспех.

А цяпер Орбан пытаецца: можа, ва ўмовах "новай рэальнасці" на беларуска-польскай мяжы суд захоча перадумаць?

Крызіс на беларуска-польскай мяжы / Улад Рубанаў, Еўрарадыё

"У святле сур'ёзнага крызісу я прашу Камісію прапанаваць адаптаваць прававую базу да новых рэалій", — напісаў Орбан прэзідэнтцы Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляйен. Ліст цытуе Bloomberg.

Калі што, змагаецца Орбан не толькі за ўхвальны ківок. Еўрапейская камісія запатрабавала, каб Беларусь плаціла штодзённыя штрафы, калі не зменіць паводзіны.

Але можа, там улічаць "новую рэальнасць"?

Час ставіць елку

У Белы дом елку ўжо прывезлі. Дрэва даставіў у павозцы конь, упрыгожаны бразготкамі. Першая лэдзі сустрэла яго асабіста. Каб змясціць елку ў блакітным пакоі Белага дома, трэба будзе зняць люстру. І так кожны год, ніякіх кампрамісаў, ніякіх “а можа, ў гэтым годзе штучную паставім?”.

У бліжэйшыя ж выхадныя каманда валанцёраў далучыцца да ўпрыгожвання Белага дома да святаў. І адразу пасля Дня падзякі даведаемся, якую навагоднюю стылістыку абрала Джыл Байдэн.

На сёння больш ніякіх дрэнных навін — толькі прыгожае

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.