У Рэчыцы сілавікі прыгадалі бізнесоўцу 2020 год — СМІ

Кузьмянок у прыватным пажарным музеі 

Кузьмянок у прыватным пажарным музеі  / фота з яго старонкі ў Інстаграме

Сілавікі ў Рэчыцы вырашылі "наехаць" на мясцовага прадпрымальніка, палкоўніка МНС на пенсіі. Адпаведны пост у іх неафіцыйным тг-канале заўважыла выданне "Флагшток".

Бізнесоўца абазвалі "пярэваратнем у пагонах" і ў пагрозлівым тоне напісалі: "Захацелася чалавеку пераменаў! Прамы так на відэа і кажа: надакучыла, маўляў, усё за 26 гадоў!"

Паводле інфармацыі "Флагштока", гаворка ідзе пра Ігара Кузьмянка. У Рэчыцы ён вядомы сваім міні-гатэлем "Сядзіба палкоўніка". Там жа прадпрымальнік арганізаваў прыватны пажарны музей.

Раней ён быў начальнікам пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада на "Беларуснафце", а потым пайшоў на павышэнне ў Бабруйск.

"Яму прарочылі генеральскую пасаду, але нешта пайшло не так. І, па чутках, у Бабруйску была пачатая справа, а ён саскочыў на пенсію", — расказала журналістам знаёмая з сітуацыяй крыніца.

У 2020-м Кузьмянок запісаў некалькі відэа з дакорам на адрас Лукашэнкі — і трапіў у няміласць. Паведамляецца, што яго затрымлівалі, але дапамагло заступніцтва кагосьці з Мінска. "Пачалі ціснуць яго бізнесы. Сам ён панабудаваў сядзіб, здаваў на вяселлі. Плюс займаўся корпуснай мэбляй. Паходу, яму перакрылі кісларод. Цяпер падаўся ў РФ, там фірму адкрыў, набраў будаўнічай тэхнікі. Перыядычна з'яўляецца ў Рэчыцы".

Старонка Кузьмянка ў сацсетках, дзе ён размяшчаў відэа, выдаленая, іншыя старонкі даўно не абнаўляліся. Паводле звестак "Флагштока", паўтара тыдня таму палкоўнік яшчэ быў на волі. Чаму сілавікі пра яго ўспомнілі менавіта цяпер — пакуль незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.