У Расіі прапануюць абвясціць “Малады фронт” і Партыю БНФ экстрэмістамі

У Расіі прапануюць абвясціць “Малады фронт” і Партыю БНФ экстрэмістамі

У Расіі могуць прызнаць “Малады фронт” і Партыю БНФ экстрэмісцкімі арганізацыямі. Намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай думы па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Вадзім Салаўёў падрыхтаваў адпаведны зварот на імя генеральнага пракурора Расіі Юрыя Чайкі. Дэпутат просіць вывучыць дзейнасць дзвюх арганізацый, якія, на яго думку, вылучаюцца ярка выражанай русафобіяй. Маўляў, яны ўсхваляюць злачынцаў, звязаных з нацысцкім рэжымам часоў Другой сусветнай вайны, а яшчэ некаторыя сябры арганізацый ваююць на Данбасе супраць прарасійскіх сепаратыстаў.

“Сённяшнія ўкраінскія нацыяналісты выйшлі з арганізацый Сцяпана Бандэры. І мы бачым, што сённяшнія паросткі бандэраўцаў зрабілі са сваёй краінай. Але такія прафашысцкія фармаванні былі падчас Вялікай Айчыннай і на тэрыторыі Беларусі, і яны таксама маюць спадкаемцаў. Ім таксама трэба пераназываць вуліцы, вычысціць усё рускае з Беларусі, пахадзіць з партрэтамі Сцяпана Бандэры па Мінску”, — заявіў Вадзім Салаўёў у інтэрв’ю Русской планете.

Гэты дэпутат, які прадстаўляе Камуністычную партыю Расіі, вядомы адыёзнымі выказваннямі. Нядаўна Салаўёў заклікаў цалкам забараніць у Расіі гульню Pokemon GO, патрабаваў праверыць сям’ю Жанны Фрыске, на што патрацілі грошы дабрачынцаў і абвінавачваў ЗША ў эпідэміі грыпу ў Расіі.

Партыя БНФ — афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя. “Малады фронт” зарэгістраваны ў Чэхіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі