У палітвязня Сцяпана Латыпава ў судзе быў нервовы зрыў

У палітвязня Сцяпана Латыпава ў судзе быў нервовы зрыў

5 жніўня ў палітвязня Сцяпана Латыпава ў судзе быў нервовы зрыў. Здарылася гэта, калі праслухоўваліся запісы тэлефонных размоў, якія спецслужбы рабілі з чэрвеня 2020 года, паведамляюць праваабаронцы. Крымінальную справу Латыпава разглядае суд Савецкага раёна Мінска. У чацвер не толькі праслухоўвалі запісы, але і дапытвалі сведак. Падчас праслухоўвання аднаго з аўдыёзапісаў размовы Сцяпана Латыпава з калегам, ён не вытрымаў і кінуўся да кратаў з крыкамі: "Пачвары, што вы робіце?!".

Пры гэтым палітвязень быў прыкаваны кайданкамі да канваіраў. Яго адразу паклалі на лаву, каб супакоіць. Усім прысутным сказалі пакінуць залу. Родныя Латыпава, плачучы, выйшлі ў калідор. Перапынак абвешчаны да 14:30.

Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі Пераменаў". Суд над ім пачаўся 1 чэрвеня 2021-га. У той дзень палітвязень сказаў на працэсе пра катаванні, а потым паспрабаваў учыніць суіцыд — уваткнуў у горла асадку. Нейкі час ён быў шпіталізаваны. У судзе было агучана, што згодна з заключэннем эксперта, Сцяпан Латыпаў псіхічнымі захворваннямі не пакутуе. Яго абвінавачваюць у "супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў", "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", у "махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры".

На мінулым тыдні Латыпаву ў судзе стала кепска, выклікалі "хуткую".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі