Вы тут

У Мінску асуджаным да “хатняй хіміі” пачалі надзяваць электронныя бранзалеты

Ілюстратыўнае фота ria.ru

У Мінску асуджаным да гэтак званай “хатняй хіміі” (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) пачалі надзяваць электронныя бранзалеты. Гэтыя прылады ўдасканальваюць сістэму сачэння за ўсімі перасоўваннямі асуджаных і дазваляюць “хімікам” не з’яўляцца асабіста дзеля адзнакаў у журнале рэгістрацыі.

Як піша газета “На страже”, адпаведны пілотны праект запусцілі ў Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах сталіцы. Ён будзе працягвацца да верасня.

Электронны бранзалет нагадвае смарт-гадзіннік. Ён мацуецца на нагу, фіксуецца спецыяльным прыстасаваннем і запускаецца. Бранзалет нельга зняць або перапраграмаваць — ён рэагуе на ўсе пашкоджанні, разам з тым не баіцца вады, пылу і высокіх тэмператур.

Разам з бранзалетам асуджанаму выдаюць мабільны тэлефон, праз які інспектар можа скантактавацца са сваім падапечным, калі спрацуе трывожны сігнал або дзеля звычайнага маніторынгу. У тэлефоне ёсць сканеры, якія распазнаюць твар і голас гаспадара. Яны цалкам выключаюць перадачу прылады іншай асобе. Каб мець магчымасць відэапаведамлення, ўбудаваная камера. Для сілкавання выкарыстоўваецца партатыўная зарадка.

Калі батарэйка разраджаецца, гэта могуць прыраўнаць да ўцёкаў, таму асуджаны мусіць сачыць за сілкаваннем бранзалета.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць адысці ад старога спосабу рэгістрацыі асуджаных шляхам пазнакаў у журнале  — цяпер гэта можна зрабіць пры дапамозе адбітка пальца. Калі чалавек не адзначыўся ў патрэбны час, інспектары пра гэта адразу ж стане вядома.

Дзякуючы спадарожнікавай сувязі, можна сачыць за перасоўваннямі асуджаных круглыя суткі, а пасля праглядаць іх на кампутары. Так праваахоўнікі будуць ведаць, ці не парушаў “хімік” забарону на наведванне піцейных або забаўляльных установаў.