Кіраўнік МУС хоча, каб міліцыі дазволілі дзейнічаць без санкцыі пракурора

Міліцэйскія вучэнні на Гомельшчыне

Міліцэйскія вучэнні на Гомельшчыне / МУС

Паўнамоцтвы аператыўна-сітуацыйных штабоў (АСШ) міліцыі трэба пашырыць, каб яны маглі прымаць рашэнні ў асаблівых умовах без санкцыі пракурора. Такую прапанову агучыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падчас комплексных камандна-штабных вучэнняў УУС Гомельскай вобласці.

"Варта прапрацаваць пытанне, каб пры дзеяннях у асаблівых умовах мы маглі прымаць пэўныя рашэнні без санкцыі пракурора. Для гэтага паўнамоцтвы кіраўнікоў АСШ павінны быць пашыраныя. Важна ўлічыць усе юрыдычныя аспекты", — перадае ягоныя словы прэс-служба МУС.

Таксама ён заявіў, што ўсе ўводныя ўмовы на цяперашніх вучэннях накіраваныя на праверку фізічнай трываласці і гатоўнасці ўжываць зброю.

"Пры спыненні масавых беспарадкаў працуем выразна і зладжана. Рашэнні прымаеце вы, дзейнічаеце строга ў адпаведнасці з заканадаўствам. Галоўнае — не дапускаць правакацый, спыняючы іх у самым пачатку", — падкрэсліў міністр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.