Вы тут

У хакеіста каманды Лукашэнкі пацверджаны каранавірус

Дзмітрый Мялешка (другі справа) у хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі / sb.by

У хакеіста каманды Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Мялешкі пацверджаны каранавірус. Аднак кіраўнік дзяржавы самаізалявацца не будзе, заявіла ў каментары ria.ru яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.

Раней стала вядома, што Мялешка здаў тэст на COVID-19. Паводле слоў Мялешкі, у яго была лёгкая прастуда і ён вырашыў самаізалявацца, паколькі жонка цяжка хварэе, у яе аслаблены імунітэт.

"Гулец прэзідэнцкай хакейнай каманды Дзмітрый Мялешка сапраўды шпіталізаваны з дыягназам пнеўманія, — цытуе словы Эйсмант ria.ru. — Атрыманы станоўчы вынік тэста на COVID-19".

Прэс-сакратар падкрэсліла, што Дзмітрый Мялешка захварэў прыблізна праз тыдзень пасля заканчэння аматарскага хакейнага турніру (11 красавіка), у якім удзельнічаў разам з Лукашэнкам. Уся каманда кіраўніка дзяржавы "знаходзілася ў адпачынку". Ніякіх дадатковых мер для гульцоў не прадпрымаецца.

Эйсмант адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка не здаваў тэст на каранавірус і "цяпер у гэтым няма неабходнасці". Ён і раней не быў у ізаляцыі, не збіраецца "сыходзіць у ізаляцыю, "удалёнку" і іншае" і цяпер, кажа прэс-сакратар.

Дзмітрый Мялешка быў хакеістам беларускай нацыянальнай зборнай, прафесійную спартыўную кар'еру завяршыў тры гады таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.