Вы тут

У Беларусі даступная вышэйшая адукацыя? Дзе там

Уступная кампанія ў БДУІРы / Еўрарадыё

У беларускіх універсітэтах ёсць спецыяльнасці, на якія можна паступіць з мінімальнымі баламі за ЦТ. Мінулым летам рэпетытары ставілі птушачкі ў бланках цэнтралізаванага тэставання рандомам — і ўсё роўна набіралі высокія балы. Але ці значыць гэта, што вышэйшая адукацыя ў нашай краіне — даступная?

Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага саюза студэнтаў (ESU) Гаар Гаванісян так не лічыць. Еўрарадыё абмеркавала з ёй, а таксама з актывісткай Задзіночання беларускіх студэнтаў Сашай Кузьміч найбольш праблемныя пункты беларускай вышэйшай адукацыі.

Даступнасць адукацыі — гэта не пра прахадныя балы

Даступнасць вышэйшай адукацыі — гэта пра тое, што кожны здольны і матываваны малады чалавек можа паступіць ва ўніверсітэт. Даступнасць не азначае зніжэння якасці адукацыі. Тое, што вышэйшая адукацыя становіцца занадта масавай і губляе якасць, — гэта не пра даступнасць, а пра тое, ці добра ўніверсітэты робяць сваю працу.

Бар'еры для паступлення ў ВНУ, вядома, павінны быць. Толькі яны павінны грунтавацца не на тым, які "бэкграўнд" у чалавека (пол, расавая прыналежнасць, рэлігія, стан здароўя), а на ведах. А ў постсавецкіх краінах захоўваецца сітуацыя, калі доступ да адукацыі абцяжараны, напрыклад, для людзей з інваліднасцю. Пры гэтым патрабаванні да ведаў абітурыентаў увесь час зніжаюцца.

Разрыў у ведах вучняў сельскай школы і сталічнай — тры гады

Колькасць падлеткаў з сельскіх школ, якія паступілі ў беларускія ВНУ, скарацілася за апошнія некалькі гадоў на траціну. Па-першае, у гэтых дзяцей няма рэсурсаў, каб падрыхтавацца да ЦТ, наняць рэпетытара. Па-другое, разрыў у ведах з вучнямі гарадскіх школ — тры гады. То-бок вучань, які скончыў 11-ы клас сельскай школы, знаходзіцца на адным узроўні з мінскім 9-класнікам.

Бывае, сельскія школьнікі паглядзяць заданні ЦТ — і нават не спрабуюць паўдзельнічаць у тэставанні, таму што разумеюць, што ім не хапае ведаў. Гэта таксама праблема даступнасці адукацыі, якую павінна вырашаць беларуская сістэма.

Саша Кузьміч і Гаар Гаванісян / "Фэйсбук"

Дыялог паміж школамі і ўніверсітэтамі

Вучні старшай школы павінны разумець, што яны хочуць вывучаць і навошта. У Заходняй Еўропе для гэтага ёсць шмат розных інструментаў. Напрыклад, механізмы прафарыентацыі, стажыроўкі. Часам вучні старшай школы на працягу некалькіх месяцаў проста наведваюць універсітэты, сядзяць на лекцыях, каб зразумець, падабаецца ім абраны кірунак ці не. Ці, наадварот, маладыя людзі, якія ўжо скончылі ВНУ, прыходзяць у школы і расказваюць пра свой досвед. Увогуле, паміж школамі і ВНУ павінен быць дыялог. Для гэтага існуе шмат механізмаў.

Нярэдка мы недаацэньваем магчымасці маладых людзей. Калі мы дадзім ім магчымасці, то яны зразумеюць, чаго хочуць на самай справе, і прыйдуць да поспеху.

З даступнасцю беларускай адукацыі не ўсё ЗБС / "Фэйсбук"

Празрыстасць і незалежнасць

Беларусь не адпавядае такому крытэру, як "інтэрнацыяналізацыя адукацыі". Нядаўна мы даведаліся, што беларускаму студэнту трэба атрымаць дазвол ад Міністэрства адукацыі, калі ён хоча паўдзельнічаць у праграмах мабільнасці. Навошта міністэрства павінна рэгуляваць гэта?

Яшчэ адно праблемнае пытанне — неадпаведнасць беларускай сістэмы ацэнкі ведаў агульнаеўрапейскай сістэме ўліку вучэбнай работы студэнтаў пры засваенні адукацыйнай праграмы або курса (ECTS). Яна выкарыстоўваецца пры пераходзе студэнтаў з адной навучальнай установы ў іншую на ўсёй тэрыторыі Еўрапейскага саюза і іншых еўрапейскіх краін, якія прынялі гэтую сістэму.

У цэлым за апошнія некалькі гадоў мы не бачым прагрэсу ў развіцці беларускай адукацыі. У Беларусі дзяржава цалкам кантралюе гэтую сферу, хоць у ідэале яна павінна вызначаць тэндэнцыі, але не ўмешвацца. У выніку ўсё залежыць не ад дэканаў канкрэтных факультэтаў і акадэмічнай супольнасці, а толькі ад міністэрства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.