Вы тут

Таэквандзіста Армана-Маршала Сілу прызвалі ў беларускае войска (фота)

Таэквандзіста Армана-Маршала Сілу прызвалі ў беларускае войска. Пра гэта паведамляе агенцтва "Мінск-навіны".

Спартсмен кажа, што скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і страціў права на адтэрміноўку ад прызыву. "Прыйшла позва з ваеннага камісарыяту Фрунзенскага раёна, і вось я тут, на прызыўным пункце. На службу адпраўляюся з баявым настроем", — кажа двухразовы чэмпіён Еўропы па таэквандо.

Дарэчы, акрамя Сілы прызвалі двух веславальшчыкаў і фехтавальшчыка. Адзначаецца, што ўсе яны змогуць у войску працягваць займацца спортам.

Як паведамляла Еўрарадыё, 22-гадовы Арман-Маршал Сіла сёлета быў адхілены ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра, як і ад любых іншых спаборніцтваў да завяршэння расследавання "ў сувязі з неспрыяльным аналізам яго допінг-пробы, узятай у межах перадалімпійскага тэставання".