Вы тут

Тадэвуш Кандрусевіч пра новы знос крыжоў у Курапатах: Спыніце “крыжалом”!

catholic.by

Лідар каталіцкага касцёла ў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам з прычыны новага зносу крыжоў у Курапатах. Сёння, 13 красавіка падчас афіцыйнага “суботніка” ў Курапатах знішчылі металічныя крыжы, якія знаходзіліся з боку МКАД.

Кандрусевіч звяртае ўвагу на тое, што меней за 10 дзён таму ў Курапатах, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, было знесена 70 крыжоў.

“Голас Касцёла і Праваслаўнай Царквы, іншых хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама шматлікіх прадстаўнікоў грамадства становіцца голасам таго, хто кліча ў пустыні. Знос крыжоў — гэта вялікая рана на сэрцы веруючага чалавека. І гэта робіцца падчас Вялікага Посту, калі хрысціяне разважаюць пра збаўчую муку Езуса Хрыста, прынятую Ім на дрэве Крыжа”, — нагадвае мітрапаліт.

Сённяшні знос крыжоў адбыўся напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую адзначаюць каталіцкія вернікі, нагадвае Тадэвуш Кандрусевіч.

“Мы радуемся атрыманай свабодзе веравызнання, аднак яна пазначана крыжом і духоўнымі цярпеннямі, аб чым нагадвае гісторыя Курапатаў, дзе сёння зносяцца крыжы, усталяваныя на месцы пахавання шматлікіх нявінна забітых.

Ніхто не ставіць пад пытанне таго, што тэрыторыя Курапатаў павінна быць добраўпарадкавана. Але пры гэтым неабходна ўлічваць меркаванне грамадства і асабліва вернікаў, каб не дапусціць знявагі Крыжа. Яшчэ раз звяртаюся да адказных за знос крыжоў з заклікам: спыніце «крыжалом», каб шляхам дыялогу з грамадствам і рэлігійнымі арганізацыямі вырашыць набалелую праблему і будаваць у нашай Бацькаўшчыне цывілізацыю міру і згоды”, — заклікае кіраўнік беларускага касцёла.