Святлана Алексіевіч: Мы з вамі пішам гісторыю сваёй свабоды

Святлана Алексіевіч: Мы з вамі пішам гісторыю сваёй свабоды

На мітынгу каля Опернага тэатра з нагоды 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі быў зачытаны зварот ад нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч

"Сталін рабіў з беларусаў рускіх. Сталін разумеў, што без нацыянальнай ідэі і мовы няма народа, таму знішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Але гэтыя людзі на балоце выстаялі, выжылі. Ніколі не памірала народная душа. Першая фатаграфія першага Усебеларускага з'езда паказвае нам асобы вольных людзей. Праз 100 гадоў мы ведаем, што БНР была і мы адтуль. Тыя, хто вырас у СССР, нічога пра яе не ведалі або казалі, што выраслі без мінулага. Хто такі беларус? Гэта чалавек, які марыць пра свабоду. Але мы яе баімся. Свабода — гэта жорсткая рэч, яна патрабуе веры і годнасці, дысцыпліны і высакароднасці. Мы з вамі пішам гісторыю сваёй свабоды", — цытуе tut.by словы беларускай пісьменніцы.

Акрамя таго, на мітынгу выступіў стваральнік партала tut.by Юрый Зісер. Ён павіншаваў беларусаў са 100-годдзем абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. "Нарэшце я бачу ўсмешлівыя твары, а то ўсе сур'ёзныя, як на 7 лістапада. Гэта яскравая праява развіцця нацыянальнай ідэі ў сучасных умовах. Хопіць канапнай крытыкі і пасіўнага чакання цуду. Нам пара пераходзіць да актыўнага паляпшэнню нашага жыцця сваімі сіламі. Чым больш мы будзем рабіць для сябе і іншых — тым святлейшая будучыня нашай краіны, тым мацнейшая наша незалежнасць", — заявіў ён.

Разам з тым Зісер падкрэсліў, што нацыянальная ідэя мусіць грунтавацца не толькі на гісторыі, але і ўлічваць сённяшнія і будучыя інтарэсы большасці грамадзян. "Нацыянальная ідэя не можа падзяляць людзей па іх поглядах на гісторыю, крыніцах даходаў, мове, пагонах, пасадах. Нікому не дадзена "прыватызаваць" нацыянальную ідэю і абвяшчаць сябе "правільнымі" паслядоўнікамі, а астатніх — "няправільнымі", — мяркуе прадпрымальнік.

Ён заклікаў развіваць грамадзянскую супольнасць, "Памятаючы пра гэтыя дзве рэчы — незалежнасць краіны і грамадзянскую супольнасць, — мы заўсёды будзем мець надзейны арыенцір у палітыцы, ідэалогіі, культуры, медыя, эканоміцы, бізнесе, усіх сферах жыцця. Мы самі адказныя за нашу будучыню - і мы яе пабудуем", — заявіў Зісер. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі