Што за суддзя будзе судзіць Марыю Калеснікаву і Максіма Знака

Максім Знак і Марыя Калеснікава / штаб Віктара Бабарыкі
Максім Знак і Марыя Калеснікава / штаб Віктара Бабарыкі

Суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам пачнецца ўжо 4 жніўня, пройдзе ён у закрытым рэжыме. Да гэтага часу няма і інфармацыі пра тое, хто выступае дзяржабвінаваўцам па справе. Затое ўжо вядома, хто будзе разглядаць яе: суддзя Мінаблсуда Сяргей Епіхаў.
 

Што пра яго вядома?

Кар'еру Епіхаў пачаў даўно: суддзёй Старадарожскага суда яго прызначылі ў 2000 годзе. Аднак першыя навіны пра яго ў кантэксце палітычных спраў з'явіліся толькі праз восем гадоў.

Напрыклад, у 2008 годзе ён аштрафаваў на 30 базавых святара Леаніда Акаловіча за тое, што ў час акцыі ў вёсцы Дражна асвяціў крыж. У 1943-м партызаны спалілі 25 мясцовых жыхароў, але ўлады працягваюць настойваць (насуперак паказанням сведак), што рабілі гэта "паліцаі". Святар такім чынам хацеў увекавечыць іх памяць — тым больш што ў асобным мемарыяле было адмоўлена. За што і быў асуджаны як "арганізатар несанкцыянаванага масавага пікета".

Тады ж 15 сутак атрымаў журналіст і пісьменнік Віталь Хурсік, на той момант — супрацоўнік газеты "Звязда". Менавіта ён у свой час адкрыў праўду пра трагедыю ў Дражне і, як і Акаловіч, удзельнічаў у памятных мерапрыемствах.

Что за судья будет судить Марию Колесникову и Максима Знака
Суддзя Епіхаў на адным з пасяджэнняў / TUT.by

Ужо ў 2021 годзе Епіхаў разглядаў справу "Армии с народом": удзельнікаў аднайменнага чата ў тэлеграме абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Меркавалася, што пачалі рыхтаваць свае "дзеянні" абвінавачваныя яшчэ ў 2019 годзе, а аўтарамі ідэі былі Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі. Вердыкт суддзі: ад 4,5 да 6 гадоў турмы.

Былі ў кар'еры Епіхава і гучныя непалітычныя справы. Так, у 2019 годзе ён разглядаў справу аб забойстве падлеткам Вадзімам Мілашэўскім настаўніка і вучня школы ў Стоўбцах. Вердыкт: 13 гадоў папраўчай калоніі.

У 2018-м Епіхаў разглядаў справу аб дзедаўшчыне ў вучэбнай часці ў Печах, дзе быў знойдзены загінулым радавы Аляксандр Коржыч. Камандзіра роты Паўла Сукавенку і старшыну Артура Вірбала ён прысудзіў да 6 і 4 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — роўна столькі ж, колькі запатрабаваў пракурор.

У пачатку 2021-га Епіхаў вынес першы смяротны прысуд сёлета — Віктару Скрундзіку, аднаму з фігурантаў справы аб забойстве пенсіянераў у Слуцку.
 

У чым абвінавачваюць Калеснікаву і Знака?

Каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі і сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава была затрыманая 8 верасня 2020 года. Яе спрабавалі вывезці з Беларусі ва Украіну, але Марыя парвала пашпарт.

Юрыст штаба Бабарыкі і таксама сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Максім Знак быў затрыманы ў Мінску 9 верасня 2020 года.

Что за судья будет судить Марию Колесникову и Максима Знака
Марыя Калеснікава і Максім Знак на акцыі ў Мінску / dpa

Іх абвінавачваюць у публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК), у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК). Знаку і Калеснікавай пагражае да 12 гадоў турмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі