Вы тут

Што новага пра справу "Белага легіёна" мы даведаліся з фільма БТ

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Фільм "Белы легіён чорных душ" насычаны страшнай хронікай і параўнаннямі. Сірыя, фільмы Лені Рыфеншталь, "Ісламская дзяржава", фашысцкія шэсці ў Мінску, апазіцыйныя акцыі 90-х, рэвалюцыйны Кіеў... Паміж гэтымі кадрамі ўкрапваюцца свежыя здымкі, і ў гледачоў з'яўляецца ўражанне, што ўсе падзеі звязаныя паміж сабой, а беларускі "Белы легіён", што знік 10 гадоў таму, не проста дагэтуль існуе — а з'яўляецца часткай глабальнага фашысцкага адраджэння.

Але ж у прапагандысцкі фільм мусіла пайсці ўсё самае пераканаўчае і красамоўнае, што на гэты момант атрымалася "нарыць" па справе "Белага легіёна". Калі адкінуць усе гучныя (і не вельмі этычныя) параўнанні — што новага паказалі беларусам? "Свежыя" здымкі і будуць тым, што следчыя рэальна маюць на затрыманых хлопцаў.

1. Японскі ісламіст

Фільм пачынаецца з кадраў затрымання ў мінскім аэрапорце "японскага фрылансера" Шаміля Цунеокі Танакі. Японца называюць "дасведчаным воінам інфармацыйнага джыхаду". Дыктар кажа, што "паўсюль, дзе з'яўляецца Цунеока, — вайна і кроў", а ў Мінск яго прывялі "падзеі, якія імкліва развіваліся".

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

У расійскай прапагандзе Цунеока сапраўды фігуруе як японец, які прадаў душу "Ісламскай дзяржаве". Але сам фрылансер тлумачыў, што без "сяброўства" з джыхадзістамі папросту не змог бы асвятляць падзеі сірыйскай вайны.

Звестак пра тое, што японец звязаны з "Белым легіёнам", у фільме БТ няма.

2. "Фрау А"

20 сакавіка ў Адміністрацыю прэзідэнта прыйшоў ліст з папярэджаннямі пра пагрозы тэрактаў у Мінску падчас шэсця 25 сакавіка. Аўтарам паслання называюць "Фрау А" — беларуску, якая даўно пераехала ў Германію. У фільме паведамляецца, што "Фрау А" па асабістай ініцыятыве прыйшла ў беларускую амбасаду ў Берліне пасля размовы з сябрам — "французам Мішэлем".

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Звестак пра тое, што "Фрау А" папярэджвала беларускія ўлады менавіта пра "Белы легіён", у фільме БТ няма.

3. Спёка на мяжы

Аўтары фільма паведамляюць, што напрыканцы сакавіка "госці са зброяй пруць [у Беларусь] з усіх бакоў". У лядоўні аўтобуса на мяжы з Польшчай памежнікі знайшлі "прадмет, падобны да ручной гранаты".

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Пра спробу прарвацца праз беларуска-ўкраінскую мяжу на джыпе было вядома і раней. У яшчэ адной машыне на пункце пропуска Олтуш (таксама на мяжы з Украінай) знайшлі 55 патронаў. А ў багажніку джыпа на расійскіх нумарах, які спынілі ў Магілёўскай вобласці, знайшліся пнеўматычныя пісталеты, электрашокер і балаклавы.

"Усё паказвала на падрыхтоўку добра спланаванай, маштабнай і крывавай заварухі", — кажа дыктар. Але звестак пра тое, што канфіскаваная зброя і затрыманыя людзі звязаныя з "Белым легіёнам", у фільме БТ няма.

4. Пазл у КДБ

Аўтары фільма сцвярджаюць, што "на працягу лютага-сакавіка" ў КДБ "складваўся пазл", апошнімі дэталямі якога сталі паказанні "Фрау А". "Праваахоўныя органы ўжо валодалі аператыўнымі звесткамі пра падрыхтоўку правакацый", бо ўжо даўно сачылі за групай грамадзян Беларусі, якія "у апошні час сталі праяўляць павышаную ўвагу да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў". Вось тут, на 7-й хвіліне, у фільме ўпершыню ўзгадваецца "Белы легіён".

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Пра арганізацыю распавядаюць з дапамогай архіўных кадраў. А дзе свежыя здымкі "іпэшнікаў, наёмных работнікаў, аматараў экстрымальнага спорту", якія "ў апошні час сталі праяўляць павышаную ўвагу"?

5. Віктар Данілаў і школьнікі

Адзін з затрыманых, Віктар Данілаў, быў настаўнікам фізкультуры, і нібыта вучыў школьнікаў абыходжанню са зброяй.

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Мы пазналі аднаго з хлопцаў. Ён на відэа трымае ў руках гантэлі, але навучэнцам побач з ім дасталіся рэчы, падобныя да пісталета ды стрэльбы. Усё гэта адбываецца ў памяшканні, якое нагадвае калідор школы.

"Гэта цір у школе недалёка ад станцыі метро "Інстытут культуры". Зброя ў кадры не баявая, пнеўматыка", — распавядае хлопец.

6. Схрон у раёне вёскі Церабейнае

На гэтае месца ў Стаўбцоўскім раёне быццам бы ўказаў Яўген Палтаржыцкі. Яго нам таксама ўжо паказвалі. Фразу хлопца: "Арматура прымяняецца для таго, каб адбівацца ў выпадку масавых беспарадкаў супраць праваахоўных ворганаў", — відавочна змантавалі з некалькіх кавалкаў. Вось так: "Арматура прымяняецца для таго, каб | адбівацца ў выпадку масавых беспарадкаў | супраць праваахоўных ворганаў". У арыгінале яны маглі мець абсалютна іншы змест. Напрыклад: "Арматура прымяняецца для таго, каб (дэманстранты змаглі) адбівацца ў выпадку масавых беспарадкаў (ад правакацый у тым ліку і) супраць праваахоўных ворганаў".

"Усё гэта чакала свайго часу. 25 сакавіка", — робіць выснову дыктар. Што праўда, абсалютна не тлумачачы, чаму называе менавіта гэтую дату.

7. Валерый Гасцюхін разважае пра Украіну

Далей у фільме пра "Белы легіён" хроніка, знятая ў Беларусі на пачатку 90-х, чаргуецца з кадрамі з "Трыумфу волі" Лені Рыфеншталь. Вайсковыя шэсці сапраўды падобныя адно да аднаго. Але яны ўсе падобныя адно да аднаго. Ці атрымалася б прынцыпова іншая карцінка, калі б аўтару "чорных душ" загадалі зміксаваць кадры нацысцкага шэсця з беларускім вайсковым парадам?

А вось свежыя здымкі — гэта акцёр Валерый Гасцюхін, які разважае... пра Украіну! Ён з болем кажа, што не мог нават уявіць, што ва Украіне "людзі адной краіны будуць забіваць адно аднаго".

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Але якое дачыненне гэта мае да "Белага легіёна"?

8. Хто пераварочцаў міліцэйскія машыны ў цэнтры Мінска?

Часам аўтары фільма БТ цягам дзвюх хвілін умудраюцца абвергнуць самі сабе. Пад разважанні пра тое, што ў 90-я "Белы легіён" стаў "кулакамі беларускай апазіцыі", нам паказваюць архіўныя кадры з перагорнутымі міліцэйскімі машынамі

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Але праз дзве хвіліны з фрагмента кнігі ўкраінца Дзмітро Карчынскага мы даведваемся, што беспарадкі ў Мінску ўчынілі не "легіянеры", а баевікі УНА-УНСА!

9. Андрэй Комлік-Ямацін распавядае пра лагер "Патрыёт"

Спартова-патрыятычны лагер "Патрыёт" пад Бабруйскам аўтары фільма БТ называюць спробай "Белага легіёна" легалізавацца. Адзін з удзельнікаў лагера Андрэй Комлік-Ямацін распавядае, што ў яго праграме былі "пачатковая вайсковая падрыхтоўка, праходжанне паласы перашкодаў, зборка-разборка зброі".

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

10. Выезды ва Украіну

Аўтары фільма сцвярджаюць, што "Белы легіён" рэгулярна праводзіў зборы ў беларускіх лясах. І не толькі. Пра Уладзіслава Аронава, напрыклад, кажуць, што ён ездзіў на стрэльбы ў Літву. "Канфлікт ва Украіне таксама быў добрай нагодай для замежных камандзіровак", — кажа дыктар.

У кадры зноў з'яўляецца Комлік-Ямацін. І тут зноў мантаж: "Падчас выезду на тэрыторыю Украіны мы (я, Лазоўскі, Данілаў, Мінкоў) удзельнічалі ў стральбе ў ціры з баявой зброі. | Гэта была сапраўдная трэніроўка, каб падрыхтавацца да вайсковых дзеянняў". Адчуваеце розніцу паміж рэальнымі паказаннямі затрыманых па справе "Белага легіёна" і тым, як справа падаецца масаваму гледачу?

11. Падрыўная справа

На паказаннях Андрэя Комліка-Ямаціна базуецца значная частка фільма. Ён распавядае, як вучыўся падрыўной справе па кніжцы, якую прывезлі яму з Украіны: закупіў усе складнікі і зрабіў нешта, што з яркай успышкай выбухнула ў двары завода, дзе ён працуе.

Відэа: Белтэлерадыёкампанія

"Але быў і такі прадмет, праз які лагеры ў беларускіх лясах практычна нельга адрозніць ад лагераў "Ісламскай дзяржавы". Маладафронтавец Комлік-Ямацін засвойваў падрыўную справу!" — каментуе дыктар. Але хлопец распавядае, што і вучыўся, і выпрабаванні ладзіў у горадзе, і пры гэтым быў адзін: не карыстаўся ні парадамі настаўнікаў, ні дапамогай сяброў.

Дык чаму нам кажуць, што падрыўную справу вывучалі ў беларускіх лясах?

12. Сын жанчыны з Бабруйска

У фільме БТ паказваюць жанчыну, якая сцвярджае, што забрала сына з клуба "Патрыёт" пасля першых заняткаў. Яна хавае твар, бо "баіцца расправы".

"Прыйшоў, сказаў: "Мама, гэта не маё, у іх нейкая дзіўная палітыка партыі. Бо якое дачынення маюць літоўскія руны і нямецкая форма да беларускага патрыятызму?" — распавядае жанчына.

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Што яе сын прыняў за "літоўскія руны" (і што ўвогуле такое літоўскія руны), а што за "нямецкую форму", аўтары фільма не тлумачаць. Як і тое, якое дачыненне жанчына і яе сын маюць да распачатых сёлета крымінальных справаў.

"Адзін з удзельнікаў гэтага клуба пайшоў ваяваць ва Украіну. З боку нацыянальных батальёнаў, якія ўдзельнічалі ў рабаванні мірнага насельніцтва, у згвалтаваннях...", — крыху пазней дадае бабруйская мама. Цяпер зразумела, што яна і яе сын — сапраўдныя эксперты па "літоўскіх рунах".

13. "Ролік падрыхтоўкі шахідаў"

У кадрах чорна-белы ролік клуба "Патрыёт", які каментуе псіхолаг Андрэй Мяцельскі. Ён кажа, што адчувае дысананс паміж візуальным і гукавым шэрагам. "Візуальна, здаецца, усё добра, але гукавы шэраг выклікае трывогу, напружанне, агрэсію", — кажа псіхолаг. У гэты час гучыць дуда. Неспадзявана псіхолаг дадае: "Па вялікім рахунку, гэта ролік падрыхтоўкі шахідаў. Беларускіх".

Ну, калі псіхолаг кажа...

14. Гасцюхін і ланцужок падзей

У наступнае сваё з'яўленне народны артыст Беларусі як запраўскі палітолаг распавядае, што апазіцыя, якая жыве на замежныя грошы, бароніць інтарэсы замежных дзяржаў, "а вось утуранай, нармальнай, здаровай апазіцыі ў Беларусі не склалася". З гэтай заявы ў фільме БТ пачынаецца расповед пра ланцужок падзей, якія мусілі прывесці да правакацый 25 сакавіка. 

Тут і мінскі "Марш раззлаваных беларусаў" 17 лютага, і намётавае мястэчка ў Курапатах, і пратэсты ў правінцыі, і яшчэ адна сталічная акцыя 15 сакавіка супраць дэкрэта №3. Усе гэтыя падзеі дыктар звязвае паміж сабой, але ніякіх доказаў, зразумела, не прыводзіць. Гледачы мусяць проста паверыць. 

15. Незвычайная ўвага прэсы

Аўтары фільма БТ кажуць, што Дзень Волі выклікаў надзвычайную ўвагу сусветных медыя. "У свеце штодня праходзіць сотні і тысячы вулічных акцый на розныя тэмы, але сярод іх не знайшолся важнейшай, чым Дзень Волі ў Мінску, — кажа дыктар. — Асвятляць акцыю беларускіх і замежных здымачных груп акрэдытавалася больш, чым на парламенцкіх выбарах". У гэта лёгка паверыць, але што дзіўнага? У свеце і парламенцкіх выбараў праходзіць нямала.

Але, на думку стваральнікаў фільма пра "Белы легіён", увага журналістаў нешта даказвае. Хаця, па справе "легіянераў" ужо затрымана больш за 20 чалавек, і нават калі нейкія беспарадкі і планаваліся, арганізоўваць іх не было каму.

16. BMW з бутэлькамі ў багажніку

"Падазроную" машыну, запаркаваную недалёка ад кінатэатра "Кастрычнік", ужо паказвалі ў навінах. Яна нібыта належыць Сяргею Кунцэвічу, сябру Мікалая Статкевіча. Аператыўнікі нібыта знайшлі ў багажніку бутэлькі з вадкасцю, што пахла гаручай сумессю.

Скрыншот: "Белы легіён чорных душ"

Згадваецца і сам Статкевіч — па версіі аўтараў фільма, ён схаваўся, каб не ўдзельнічаць у акцыі, а пасля распавёў, што яго выкрала КДБ. Адсутнасць на Дні Волі Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева (ён быў у лякарні ў Брэсце) і іншых прадстаўнікоў апазіцыі (яны сядзелі на сутках у Маладзечне), на думку стваральнікаў фільма, таксама нешта даказвае.