Шэрыя схемы, “украінізацыя”, беспрацоўе — Раманчук пра прапановы КДК адносна ІП

Шэрыя схемы, “украінізацыя”, беспрацоўе — Раманчук пра прапановы КДК адносна ІП

Нядаўна ў інтэрнэце з’явіўся нібыта “зліты” ўнутраны дакумент Камітэта дзяржаўнага кантролю, накіраваны ў Мінфін. У ім КДК прапануе новаўвядзенні адносна індывідуальных прадпрымальнікаў, такія як скасаванне адзінага падатку, павелічэнне плацяжоў у ФСАН, увядзенне платы за зняцце наяўных, калі сума перавышае тры тысячы рублёў у месяц, і іншыя.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што калі сапраўды ажыццявіцца тое, што прапаноўваецца ў дакуменце, то наступствы для прадпрымальнікаў будуць больш чым негатыўныя. А ўвесці змены могуць вельмі хутка. 

— Могуць увесці і заўтра, таму што ў нас зараз так званае становішча вайны, няма грамадзянскага спакою, — разважае Раманчук. — Гэтыя людзі [беларускае кіраўніцтва. — Еўрарадыё], напрыклад, сёння маглі б надрукаваць пяць мільярдаў рублёў для таго, каб забяспечыць “абароткай” усе прадпрыемствы, закрыць усе дзіркі. Але чаму яны гэта не робяць? Таму што ёсць Нацыянальны банк, які не дазваляе гэта рабіць: ён гнецца, грае, як піяніст, які грае ў гэтым становішчы, як можа. Ад Мінфіна залежыць бюджэт выканання, дэфіцыт бюджэту і грошы на тыя выдаткі, якія ёсць. І калі пакет КДК будзе прыняты, то Міністэрства фінансаў не выканае сваё заданне. Не будуць створаны новыя рабочыя месцы, сітуацыя ў рэгіёнах пагоршыцца. Пагоршыцца нават сітуацыя з бяспекай, таму што тых “дармаедаў”, аб якіх кажа Лукашэнка, стане на 200-300 тысяч больш, і яны адразу нікуды не з’едуць, таму што існуе каранавірус і лакдаўн. Такіх людзей, якія не захочуць працаваць за 300 рублёў, будзе значна больш. Напруга ў грамадстве, якая можа ўзнікнуць вясной, можа мабілізаваць усіх гэтых людзей супраць сацыяльна-эканамічнай бязглуздзіцы.

Шэрыя схемы, “украінізацыя”, беспрацоўе — Раманчук пра прапановы КДК адносна ІП
Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

У Яраслава Раманчука ўвогуле ёсць тэорыя, што прасоўванне такіх прапаноў ад КДК не што іншае, як спроба ўзяць — як у цяжкіх 90-х — “пад дах” прадпрымальнікаў, якія засталіся.

— КДК, МУС, КДБ, Следчы камітэт — у кожнага будзе спакуса зрабіць сабе кармавую базу сярод прадпрымальнікаў. Яны не зарабляюць грошы, яны могуць толькі кантраляваць. І як ні парадаксальна, людзі, якія прасоўваюць гэткія прапановы, не клапоцяцца пра бюджэт краіны, каб у будучых пенсіянераў было больш грошай. Наадварот, яны каналізуюць гэтыя патокі ў свае кішэні, каб потым, пры дапамозе “прыхватызацыі”, зрабіць захоп прадпрыемстваў, — дзеліцца меркаваннем Яраслаў Раманчук. — Сёння мы бачым фінансавае становішча прадпрыемстваў: у разы больш стратаў, няма прыбытку, няма рынку збыту. Потым прадпрыемства скукожваецца, і кожны аўдытар, кожны антыкрызісны кіраўнік скажа: у такім стане гэта прадпрыемства каштуе капейкі. У гэты момант прыйдуць людзі з валізай кэшу, якія назапашвалі грошы пры дапамозе ІП, і скажуць: добра, давайце я гэты завод забяру і буду такім “добрым прадпрымальнікам”.

Трэба глядзець, што можа адбыцца. А адбыцца можа пашырэнне шэрай сферы фінансавання эканамічнай дзейнасці, якая потым прывядзе да крыміналізацыі дзяржавы і ператварэння яе ў нешта сярэдняе паміж Расіяй і Украінай.

У адным з пунктаў дакумента прапаноўваецца ўвесці яшчэ 13% падаткаў, калі ІП здымае з рахунку больш за ўсталяваны ліміт: згадваецца лічба 3000 рублёў або сума, роўная трохразоваму памеру сярэдняга заробку па краіне. Як гэта мера адаб’ецца на фінансавым становішчы краіны?

— Людзі ўвогуле будуць здымаць грошы са сваіх рахункаў і будуць пераходзіць на кэш, пачне адбывацца так званая ўкраінізацыя. Як працуе сярэдні і малы бізнес ва Украіне? Там людзі ходзяць з валізамі кэшу альбо выкарыстоўваюць токены, Е-рахункі, якія непадкантрольныя ўладам. Вось куды спіхваецца эканамічная актыўнасць. Гэта яшчэ адна дрэнная рэч, якая яшчэ больш пахавае давер да беларускага рубля.

Цалкам размову з эканамістам Яраславам Раманчуком глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі