Падсанкцыйныя тавары з Еўропы вязуць праз Беларусь фірмы, звязаныя з Шэйманам — БРЦ
Фура на мяжы, ілюстрацыйнае фота
Санкцыйныя тавары з Еўропы дастаўляюць у Расію праз Беларусь, пры гэтым заніжаючы кошт — каб паменшыць мытныя плацяжы. Пра гэта Беларускаму расследвальніцкаму цэнтры расказаў спецыяліст у галіне лагістыкі.
"Праз усе гэтыя ланцужкі перапродажаў (Аўстрыя, Турцыя, Расія, там яшчэ бывае ўстаўляюць нейкае звяно) вельмі моцна расце кошт. Таму робяць крук у Беларусь праз мытны склад, перапрадаюць, зніжаюць кошт, каб зменшыць мытныя плацяжы. Таму што кожнае звяно ў ланцужку павялічвае кошт. Аўстрыя прадала ў Турцыю — плюс адсотак, Турцыя прадала яшчэ, магчыма, камусьці (у ААЭ, у Ганконг) — яшчэ плюс адсотак. Калі везці адразу наўпрост у Расію, то ўсё гэта будзе відаць, і вельмі вялікія мытныя плацяжы ўзнікаюць. Таму прасцей зрабіць крук праз Беларусь, панізіць кошт да мінімальнага ўзроўню. І, адпаведна, потым прадаюць у Расію", — расказаў спецыяліст.
Таксама ў Беларусі пераафармляцюь сертыфікаты на прадукцыю, каб яна не трапляла пад расійскае антыдэмпінгавае заканадаўства, дадаў эксперт
Як высветліў БРЦ, на пачатку 2024 года кампанія "Брандсхандэль" паставіла ў Расію фінскія гадзіннікі па 13 долараў за штуку. Пры гэтым аптовая цана пры пастаўцы такіх жа гадзіннікаў з Турцыі ў Туркменістан была ў 20 разоў вышэйшая — амаль 270 долараў.
Кампанія "Брандсхандэль" звязаная з атачэннем Віктара Шэймана, піша БРЦ. У Расію яна пастаўляе тавары заходняга паходжання, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенна-прамысловым комплексе. У іх ліку — навігацыйныя прыборы, антэны, апаратура перадачы і прыёму даных, аптычныя і інфрачырвоныя прыборы, падшыпнікі. Ад пачатку 2024 года фірма паставіла ў Расію такія тавары на суму больш як 400 тысяч долараў.
Аналагічнымі пастаўкамі займаліся яшчэ дзве фірмы, звязаныя з Шэйманам — "Алексвіт лтд" і Winshun Trade Limited (сёлета 21 жніўня яны змяніла назву на Avenir Winsourcing Limited).
Winshun Тrade Limited у 2025-м пастаўляла ў Расію з Латвіі польскія фільтры для фарбавальна-сушыльных камер і італьянскія часткі вентыляцыйнага абсталявання, якія падпадалі пад санкцыі ЕС. З Іспаніі ішлі авіяцыйныя шыны брытанскай і японскай вытворчасці. Са Злучаных Штатаў — авіяцыйная індыкатарная панэль і модуль запальвання.