Сцівен Сігал: Хачу стаць губернатарам Прымор'я, я прадстаўляю Пуціна

Сцівен Сігал: Хачу стаць губернатарам Прымор'я, я прадстаўляю Пуціна

Амерыканскі акцёр Сцівен Сігал заявіў, што з задавальненнем стаў бы губернатарам Прыморскага краю Расію. Як вядома, амаль два гады ён мае расійскае грамадзянства, з'яўляецца спецпрадстаўніком МЗС РФ па расійска-амерыканскіх гуманітарных сувязях.

Ва Уладзівастоку Сігал сустрэўся з гледачамі на міжнародным кінафестывалі краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну "Мерыдыяны Ціхага". "Я прадстаўляю інтарэсы прэзідэнта Пуціна... Я кожны раз хачу вывучаць Прыморскі край [адкуль паходзяць яго продкі па лініі бацькі], пабачыць больш. І стаць вашым губернатарам", — цытуе словы акцёра, сказаныя на сустрэчы ria.ru. Зала сустрэла словы Сцівена Сігала авацыяй.

Як вядома, на мінулым тыдні другі тур выбараў губернатара Прымор'я скончыўся скандалам. У апошні момант нейкім дзіўным чынам Андрэй Тарасенка, кандыдат ад улады (яго публічна падтрымаў Уладзімір Пуцін), выканаўца абавязкаў губернатара, абагнаў камуніста Андрэя Ішчанку. Камуністы не прызналі перамогу Тарасенкі, ва Уладзівастоку прайшлі вулічныя акцыі пратэсту, Ішчанка аб'яўляў галадоўку. Пачало пратэставаць і цэнтральнае кіраўніцтва КПРФ (партыя мае прадстаўніцтва ў Дзярждуме). І ўлада пайшла на саступку — Цэнтрвыбаркам Расіі даў "рэкамендацыю" выбаркаму Прымор'я прызнаць выбары несапраўднымі. Былі прызнаныя факты фальсіфікацый на ўчастках у гарадах Усурыйску, Арцёме і Находцы. І выбаркам Прымор'я "пагадзіўся" з Масквой. З Масквы ў Прыморскі край прыбыла група сілавікоў для правядзення расследавання.

Камуністы патрабуюць, каб новых выбараў не было, а Андрэя Ішчанку прызналі пераможцам. Эксперты мяркуюць, што Масква можа выставіць на новыя выбары, якія яшчэ не прызначаныя, нейкага новага, нават нечаканага кандыдата. Няўжо Сігал?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі