Мінскі масажыст таемна здымаў аголеных кліентак
Тэлефон, які заўважыла кліентка масажыста / фота са старонкі Наталлі Чайкоўскай
Мінскі масажыст Андрэй цішком здымаў сваіх кліентак у аголеным выглядзе.
Мінчанка прыйшла на масаж, пачала распранацца — і заўважыла, што на палічцы стаіць смартфон. "Я падышла, сфатаграфавала. Узяла тэлефон у рукі. Ішоў відэазапіс. У кадры была я. Голая", — расказвае ў сацсетках пра сітуацыю Наталля Чайкоўская.
Жанчына выдаліла відэа і выклікала масажыста, які чакаў за дзвярыма. Яна прымусіла яго выдаліць ролік і з тэчкі "Нядаўна выдаленыя". "І ведаеце, што там было? Дзясяткі іншых відэа. Ён здымаў не толькі мяне", — працягвае Наталля.
Жанчына напісала заяву ў міліцыю.
Паводле Наталлі, усё гэта здарылася ў Доме Быта на станцыі метро "Інстытут культуры". На яе пост у Threads адгукнуліся іншыя жанчыны. Яны заўважылі, што масажыст Андрэй, які працаваў там, ужо шукае новы адрас для свайго кабінета.
Пасля скандалу ў сацсетках мужчына таксама выдаліў сваю працоўную старонку ў Інстаграме.