Саўчанку дапыталі ў СБУ наконт сустрэчы ў Мінску з кіраўнікамі "ЛНР" і "ДНР"

Саўчанку дапыталі ў СБУ наконт сустрэчы ў Мінску з кіраўнікамі "ЛНР" і "ДНР"

Надзею Саўчанку дапыталі ў СБУ наконт сустрэчы ў Мінску з кіраўнікамі самаабвешчаных рэспублік "ЛНР" і "ДНР". Пра гэта паведамляе тэлеканал "112 Украіна". Адзначаецца, што дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны сустракалася з Ігарам Платніцкім і Аляксандрам Захарчанкам "у прысутнасці расійскага боку".

На допыце ў СБУ Саўчанка пацвердзіла факт сустрэчы і распавяла пра яе падрабязнасці. Пасля яна правяла ў Кіеве брыфінг. Паводле слоў Надзеі Саўчанкі, сустрэча "была накіравана на тое, каб узмацніць "мінскі фармат і зрабіць яго больш дзейсным у бліжэйшы час". Таксама яна распавяла, што ездзіла ў Беларусь не з дыпламатычным пашпартам, а са сваім украінскім. Паездку яна не лічыць тайнай, кажа, што яна была "рабочай".

"Я абяцала людзям, што выйду з турмы і буду гаварыць нават з чортам, — цытуе словы Саўчанкі УНІАН. — Так, я сядзела за сталом перамоваў з людзьмі, з якімі мы стралялі адзін у аднаго. Я ў іх чорта не ўбачыла, таму што калі б я хацела ўбачыць у іх чорта, то мы б ні пра што не дамовіліся... Я гаварыла з людзьмі".

Раней Платніцкі заявіў, што на сустрэчы ў Мінску гаворка ішла пра абмен палоннымі па формуле "ўсіх на ўсіх".

Надзея Саўчанка была ў Мінску 7 снежня. Пра яе візіт і сустрэчу з кіраўнікамі "ЛНР" і "ДНР" стала вядома толькі ў нядзелю. Саўчанка не папярэджвала СБУ пра сваю паездку ў Беларусь і яе мэту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі