Вы тут

Надзея Саўчанка просіць Лукашэнку "не ўтапіць сваю краіну ў крыві"

Былая палітвязень Надзея Саўчанка / "Фэйсбук"

У пятніцу, 3 ліпеня, Надзея Саўчанка звярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст звароту ўкраінскі палітык і былая ваенная размясціла на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" на ўкраінскай, рускай і беларускай мовах.

Экс-народны дэпутат павіншавала кіраўніка дзяржавы і беларусаў з Днём незалежнасці, заўважыўшы, што дасягненне незалежнасці і яе абарона патрабуюць немалых высілкаў.

 

Узгадваючы словы Лукашэнкі пра тое, што нельга заставацца ў баку, калі ў суседа пажар, Саўчанка піша, што таксама не можа заставацца абыякавай, назіраючы за падзеямі ў Беларусі, бо ад гэтага залежыць і абстаноўка ва Украіне.

Яна заклікае кіраўніка Беларусі праявіць мудрасць, каб "адпавядаць сваімі рашэннямі новым выклікам часу". Саўчанка ўпэўненая, што галоўнае дасягненне лідэра — гэта ўменне вырасціць годную замену і "своечасова перадаць уладу, каб яшчэ паспець пракантраляваць вернасць шляху ў будучыню сваёй дзяржавы".

"На маю думку, Вы на такую ​​мудрасць здольныя. Гэта асцярожны і верны шлях, якім варта прайсці, каб не разбурыць і ня ўтапіць сваю краіну ў крыві ", — піша экс-народны дэпутат. У той жа час яна лічыць, што ўкраінскія лідэры апынуліся да гэтага няздольныя, вынікам чаго стала вайна, якая працягваецца ў краіне.

Яна піша, што звяртаецца да Лукашэнкі як былы палітвязень, якая разумее, як могуць парушацца правы людзей. Саўчанка просіць беларускага лідэра вызваліць вязьняў, якія затрыманыя ў нашай краіне па палітычных матывах.

Палітык прыводзіць спіс з 24 імёнаў людзей, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі: Мікалай Статкевіч, Вольга Нікалайчык, Уладзімір Дудараў, Святлана Купрэева, Сяргей Ціханоўскі, Дзмітрый Фурманаў, Вяргілій Ушак, Аляксандр Аранович, Арцём Сакаў, Васіль Баброўскі, Уладзімір Навумік, Андрэй Новікаў, Сяргей Пятрухін, Уладзімір Няронскі, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Дзмітрый Казлоў, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Эдуард Бабарыка, Іван Комар, Мікіта Емяльянаў, Міхаіл Жамчужны, Павел Севярынец.

Палітык перакананая, што гэтыя людзі ніколі не будуць згодныя з меркаваннем Лукашэнкі і іх падтрымаюць многія ў Беларусі.

"Але пакінуць людзям прастору ў краіне на іх меркаванне трэба. Лепш мець адкрытую апазіцыю, чым кулуарныя інтрыгі і нож у спіне ад суседзяў ", — піша Саўчанка. Яна пажадала Лукашэнку мудрасці ў прыняцці рашэння і выказала ўпэўненасць ў пераменах да лепшага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.