Вы тут

Надзея Саўчанка не ўдзельнічае ў мінскіх перамовах

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка не прымае ўдзел у перамовах трохбаковай кантактнай групы па сітуацыі ва Украіне. Чарговае пасяджэнне пачалося 1 чэрвеня ў Мінску.

Сястра лётчыцы Вера ў каментары агенцтву БелаПАН паведаміла: "Надзя ў Мінск не едзе. Я толькі што з ёй гаварыла, яна сказала: "Я б не супраць туды паехаць, паглядзець, што да чаго. Але гэта вялікая палітыка, высокая палітыка, мне такой прапановы прэзідэнт Украіны не агучваў".

Першую замежную паездку Саўчанка здзейсніць на наступным тыдні ў Страсбург. Там яна прыме ўдзел у сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Як паведамлялася раней, Надзея Саўчанка, асуджаная ў Расіі на 22 гады пазбаўлення волі, 25 траўня вярнулася на радзіму. Яе абмянялі на двух супрацоўнікаў расійскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Мінабароны.

Саўчанка з'яўляецца дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.