Вы тут

СМІ: Саўчанка таемна наведала Мінск, каб сустрэцца з кіраўнікамі "ДНР" і "ЛНР"

Фота: УНІАН

Народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка 7 снежня таемна наведала Мінск. У беларускай сталіцы яна сустракалася з кіраўнікамі так званых "ДНР" і "ЛНР" Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім. Пра гэта пішуць украінскія СМІ.

Сайт ЛІГА.net са спасылкай на неназваныя крыніцы заяўляе, што сустрэчу ў Мінску арганізавала Федэральная служба бяспекі Расіі. Дапамагала ў гэтым, нібыта, расійская амбасада ў Беларусі. Паведамляецца, што на сустрэчы ў прысутнасці прадстаўнікоў ФСБ Саўчанка дамаўлялася пра ціск на ўкраінскую ўладу, каб тая пагадзілася на прамыя перамовы з "ДНР" і "ЛНР".

Дарэчы, 11 снежня ў Кіеве Саўчанка ўдзельнічала ў канферэнцыі, прысвечанай палонным у Данбасе, інфармуе УНІАН. Палітык адмовілася адказваць на прамыя пытанні пра сустрэчу ў Мінску. Між тым, нядаўна дэпутатка Вярхоўнай Рады заявіла, што хоча развіваць самастойную палітычную кар'еру.