Вы тут

Рубель аслабне, а Беларусь адстане ад суседзяў па ЕАЭС: прагноз ЕАБР на 2022 год

Чаканы рост ВУП Беларусі ў разы меншы, чым у сярэднім па ЕАЭС / Azattyq.org

Эканоміка Беларусі будзе расці больш павольна, чым у яе партнёраў па ЕАЭС. А курс беларускага рубля аслабне. У сярэднім у 2022 годзе ён складзе 2,65 рубля за долар.

Такі прагноз на наступны год зрабілі аналітыкі Еўразійскага банка развіцця.

Стагнацыя або падзенне

За кошт знешняга попыту на беларускія тавары і росту IT-сектара па выніках 2021 года чакаецца рост ВУП блізу 2%. Пры гэтым эканамічная актыўнасць слабее, і ў наступным годзе ЕАБР прагназуе рост ВУП толькі на ўзроўні 0,7%. Фактычна гэта застой, а не рост.

— У будучым годзе эканамічная актыўнасць у Беларусі прагназуецца стрыманай. Звязана гэта з падвышанай нявызначанасцю, наступствамі абмежаванняў шэрага заходніх краін, а таксама прагназуемымі намі стрымліваючымі ўмовамі рынкавага крэдытавання. Варта адзначыць, што нявызначанасць уплыву санкцый і хуткасці адаптацыі да іх беларускай эканомікі вялікая, — кажа старэйшы аналітык Цэнтра краінавага аналізу ЕАБР Анатоль Харытончык.

Калі падзеі будуць развівацца неспрыяльна для Беларусі, то ВУП можа знізіцца больш чым на 1%, адзначаюць у ЕАБР.

Нават пры базавым сцэнары Беларусь будзе расці больш павольна, чым усе іншыя партнёры па ЕАЭС. Таксама ніжэй за іншых чакаецца рост ВУП Расіі — 2,8%. Казахстан, напрыклад, павінен вырасці на 4,2%.

Чаканы рост ВУП, узровень інфляцыі і курс нацыянальнай валюты да долара / ЕАБР

Рубель аслабне да долара, але не абваліцца

Сярэдні прагнозны курс беларускага рубля на 2022 год — 2,65 рубля за долар.

— Паводле нашых ацэнак, рубель цяпер некалькі пераацэнены да валют краін асноўных гандлёвых партнёраў у межах 5%. У сувязі з гэтым падтрымка вытворцаў з боку курсавога фактару зніжаецца. Імпульс для экспарту з боку знешняга попыту таксама будзе паступова змяншацца. Менавіта таму мы чакаем паступовага паслаблення беларускай валюты, — працягвае Анатоль Харытончык.

Нацбанк хацеў бы трымаць інфляцыю ў межах 5% / Еўрарадыё

Дадатковымі дэінфляцыйнымі фактарамі стануць зніжэнне росту коштаў у Расиі і паступовая нармалізацыя глабальных ланцужкоў паставак. Тым не менш інфляцыйныя чаканні могуць захоўвацца на падвышаных узроўнях, што можа запавольваць хуткасць набліжэння інфляцыі да мэтавым значэнняў Нацыянальнага банка, — распавядае Анатоль Харытончык.

ЕАБР адзначае, што пры ўмовах зніжэння інфляцыйнага ціску стаўка рэфінансавання можа таксама знізіцца ў другой палове 2022 года. Да гэтага часу яна будзе трымацца каля 10%. Цяпер стаўка рэфінансавання складае 9,25% гадавых.

— Пры гэтым даступнасць рынкавых крэдытаў, хутчэй за ўсё, застанецца абмежаванай, — рэзюмуе эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.