Вы тут

Еўропа, ЗША і "краіна невядомая": з кім гандлюе Беларусь пад санкцыямі

З краін ЕС Беларусь больш за ўсё прадае ў Польшчу і Нідэрланды / pexels.com 

Беларусь скончыць год са станоўчым ростам ВУП за кошт "знешнегандлёвага цуду", лічаць эканамісты. У гэтым моцна дапамагла Еўропа.

Нягледзячы на санкцыі, еўрапейцы не спяшаюцца рваць гандлёвыя адносіны з Беларуссю. З чэрвеня, калі сталі дзейнічаць амерыканскія санкцыі супраць дзевяці дзяржкампаній і сектаральныя санкцыі ЕС, на еўрапейскія краіны прыпала 23,2% беларускага экспарту.

Еўрарадыё даведалася, хто і чым закупляецца ў Беларусі з тых часоў, як краіна трапіла пад санкцыі.
 

Расія

Традыцыйна больш за ўсё беларускіх тавараў прадаецца ў Расію. Увесь экспарт тавараў з Беларусі за чэрвень — верасень склаў $ 13,6 млрд, паведамляе Белстат. З іх 41,5% прыпала на Расію.

Большая частка тавараў аказалася не схаванай Белстатам, таму ўсё яшчэ можна дэталёва паглядзець, што Беларусь прадавала ў Расію. У асноўным гэта малочныя прадукты і транспарт.
 

Украіна

На Украіну прыпала 13,7% экспарту. У адкрытым доступе звесткі толькі пра чвэрць гэтага аб'ёму. Туды ўваходзіць прадукцыя дрэваапрацоўкі, малочка і растваральнікі. Мяркуючы па звестках Укрстата, амаль усе закрытыя пастаўкі ва Украіну — гэта нафтапрадукты.
 

Польшча

Гандаль з ЕС моцна дапамог Беларусі ў 2021 годзе / Reuters

З вялікім адрывам ад Расіі і Украіны, але трэцім па велічыні гандлёвым партнёрам Беларусі стала Польшча. На яе прыпала 5,5% экспарту ў месяцы пасля ўвядзення санкцый. Інфармацыю пра пятую частку гэтых тавараў Белстат схаваў.

Значыць, Польшча пакуль купляе беларускую прадукцыю, якая трапіла пад санкцыі. Гэта магчыма праз тое, што санкцыі не распаўсюджваюцца на дзейныя кантракты, у тым ліку па каліі або нафтапрадуктах.

Затое для самой Польшчы Беларусь як гандлёвы партнёр не такая значная. Па падліках аналітыка Польскага эканамічнага інстытута Лукаша Амброзяка, у студзені — жніўні Беларусь стала толькі 35-м па велічыні пастаўшчыком у Польшчу. І 26-м сярод рынкаў збыту.
 

Нідэрланды

Яшчэ 5,5% тавараў пайшло ў Нідэрланды. Адкрытымі аказаліся звесткі толькі па 13% тавараў. Магчыма, цяпер Беларусь прадае туды нафтапрадукты. Бо Нідэрланды — буйны транзітны хаб для гэтай катэгорыі тавараў, а летась гэта быў трэці па велічыні рынак збыту для беларускай нафтаперапрацоўкі.
 

Германія

У топ-5 пакупнікоў беларускіх тавараў увайшла і Германія. Туды адправілася 4,6% экспарту. Амаль палова гандлю засакрэчаная. Большую частку схаваных тавараў можа складаць нафта, якая здабываецца ў Беларусі. У апошнія гады яна заўсёды прадавалася ў Германію. Значных паставак санкцыйных тавараў раней у Германію амаль не было.

Таксама найбольш буйныя пастаўкі ў Германію — гэта мэбля і прадукты дрэваапрацоўкі.
 

Літва

Шостым па велічыні пакупніком стала Літва. Яе доля за чэрвень — верасень склала 3,9%. Амаль сёмая частка экспарту закрытая. Гэта могуць быць не толькі нафтапрадукты або калій, але і электраэнергія.

У схаваную краіну Беларусь пастаўляе толькі алкаголь, парфуму і санкцыйныя тавары / Reuters

Яшчэ амаль 2,4% беларускага экспарту аказаліся максімальна закрытыя. Бо сёмы па велічыні пакупнік — невядомая краіна, паведамляе Белстат. І 95% экспарту туды схавана. Таму немагчыма нават выказаць здагадку, што магло прадавацца. Вядома толькі, што гэта не краіна СНД. Для гэтай групы краін у Белстата ёсць спецыяльная пазіцыя "краіна СНД невядомая".

З даступных да прагляду пазіцый туды прадаваліся парфума і алкаголь.

Наступнымі па велічыні пакупнікамі сталі Казахстан (2,4%), Кітай (1,8%), ЗША (1,6%), Латвія (1,6%) і Бразілія (1,5%).

Высокая доля ЕС у экспарце акажа адваротны "знешнегандлёваму цуду" эфект у 2022 годзе, паколькі дзейныя кантракты з санкцыйнымі галінамі пачнуць заканчвацца. Паводле ацэнак эканамістаў BEROC, праз санкцыі Беларусь можа страціць 10% ВУП.

Акрамя таго, кіраўнікі МЗС краін ЕС 15 лістапада падтрымалі пяты пакет санкцый супраць Беларусі. Чакаецца, што ён закране 30-40 фізічных і юрыдычных асоб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.