У Мінск Бакіеў прыляцеў з неафіцыйнай малодшай жонкай?

У Курманбека Бакіева  пяць братоў, два паўналетнія сыны і як мінімум два непаўналетнія дзіцяці, адна афіцыйная жонка і як мінімум адна неафіцыйная. Чым яны займаюцца і дзе знаходзяцца зараз, даследавала Еўрарадыё. 
Старшыня часовага ўрада Роза Атунбаева назвала Бакіева "садыстам", кіраўнік апарату часовага ўраду Кыргызстану Эдзіль Байсалаў — "крывавым дыктатарам". Сам Курманбек Бакіеў на прэс-канферэнцыі ў Мінску назваў новыя ўлады "самазванцамі" і "бандытамі". 
Адзін з галоўных лозунгаў, з якім Курманбек Бакіеў прыйшоў да ўлады ў 2005 годзе, — "Далоў сям'ю!". Мелася на ўвазе спыніць кланавасць і прызначэнне на кіроўныя пасады сваіх родных, за што крытыкавалі папярэдняга прэзідэнта Акаева.
Бакіеў у 2005 годзе: "Далоў сям'ю!" Фота: Reuters
Але, прыйшоўшы да ўлады, Курманбек Бакіеў "стаў на тыя самыя граблі", кажучы словамі расійскага прэм'ера. Яго сыны, браты і іншыя сваякі займелі важныя пасады ў дзяржаўным апараце альбо сталі паспяховымі бізнесоўцамі. 
Курманбек — старэйшы ў сям'і з сямі братоў. Бадай самы сціплы з іх — Жусуп — памёр у 2006 ад сардэчнага прыступу. Пасля абрання Курманбека прэзідэнтам адмовіўся ад пасады намесніка губернатара Джалал-Абадскай вобласці, каб "не падстаўляць" брата.
Сем братоў Бакіевых. Фота: azzzik.livejournal.com

Брат Курманбека Марат быў старшынёй Судовага дэпартамента Кыргызстана. Пазней Курманбек Бакіеў сваім загадам заклікаў яго у знешнюю палітыку. Да нядаўняга часу Марат быў амбасадарам у Нямеччыне, адначасова прадстаўляючы Кыргызстан у Нарвегіі. 11 красавіка 2010 года новыя кыргызскія ўлады звольнілі яго з пасады.
Брат Адыл таксама працаваў дыпламатам. Ён быў дарадцам амбасадара Кыргызстана ў Кітаі і прадстаўляў у паднябеснай гандлёвыя інтарэсы краіны. 
Акмат займаецца "невялікім бізнэсам", як калісьці выказаўся сам Курманбек у парламенце краіны. Апазіцыя вінаваціла Акмата ў арганізацыі захопаў маёмасці, называючы яго ценевым губернатарам адной з абласцей Кыргызстана. 
Каныбек старшынюе ў сельскай управе аднаго з раёнаў Джалал-Абадскай вобласці. 
У краіне пасля  самога Курманбека найбольш уплывовым  братам быў Жанышбек, які стаяў на чале Службы дзяржаўнай аховы. Менавіта супраць яго, як і супраць двух старэйшых сыноў Курманбека Бакіева, Генеральная пракуратура Кыргызстана распачала крымінальную справу: "Забойства дзвюх і болей асобаў з ужываннем агнястрэльнай зброі, здзейсненае па найме альбо групай асобаў". 
Брат Курманбека Бакіева Жанышбек. Фота: RFL/RL
Паводле словаў Байтэміра Ібраева, які зараз выконвае абавязкі Генпракурора Кыргызстана, ёсць сведкі, які пацвярджаюць, што менавіта яны аддавалі загад страляць у мірных людзей. Сам Жанышбек у інтэрв’ю прадстаўнікам СМІ заявіў, што дэманстранты былі ўзброеныя, таму, "як ваенны чалавек", ён загадаў адкрыць агонь у адказ.
Згодна з аператыўнымі дадзенымі часовага ўрада, браты Курманбека Бакіева зараз знаходзяцца на тэрыторыі Кыргызстана. 
Два сыны ад афіцыйнага шлюбу з жонкай Таццянай — Марат і Максім — таксама займалі вельмі ўплывовыя пасады. 
К. Бакіеў з сынамі. У цэнтры Курманбек Бакіеў з жонкай Таццянай. Злева старэйшы сын Марат з сям'ёй. Справа сын Максім з жонкай Айжанай Кенебаевай. Што цікава, родны брат Айжаны жанаты з пляменніцай старшыні часовага ўрада Розы Атунбаевай.
Старэйшы сын Марат стаяў на чале аднаго з упраўленняў кыргызскага аналага КДБ — Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі. Вось як апісвала пачатак яго кар'еры сама жонка Курманбека Бакіева: "Яшчэ калі ён тут вучыўся ва ўніверсітэце, у савецкія часы, ім зацікавіўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Хлопцы, якія не пілі, займаліся спортам, добра вучыліся і вялі нармалёвы лад жыцця, былі патрэбныя спецслужбам. На пятым курсе Марата запрасілі ў КДБ, з тых часоў ён працуе ў гэтай сістэме".

Максім займаў пасаду дырэктара Цэнтральнага агенцтва па развіцці і інвестыцыях Кыргызстана. Як сцвярджае тамтэйшая апазіцыя, фактычна ён запраўляў фінансамі краіны і падпольна кантраляваў увесь сур'ёзны бізнэс. Некаторыя назіральнікі адзначалі, што праз брата Марата і сына Максіма ў Кыргызстане праходзілі ўсе высокія прызначэнні. 
Максім Бакіеў на паседжанні Фонда развіцця ў 2009 годзе. Фота: Прэс-служба Прэзідэнта Кыргызстана.
Супраць Максіма  распачатыя крымінальныя справы па эканамічных  артыкулах. Ён таксама падазраецца  ў тым, што аддаваў загад страляць па дэманстрантах з Дома ўрада ў Бішкеку. Максім любіў раскошу: дарагую тэхніку, вытанчаныя спіртовыя напоі, гуляў пазалочанымі картамі. 
Некалькі дзён таму Роза Атунбаева заявіла, што  абодва два сыны Курманбека Бакіева  знаходзяцца ў Латвіі. Праўда, гэтая інфармацыя не дакладная: МЗС Латвіі гэтая звесткі не пацвердзіў і не абверг. Міністр замежных спраў Марыс Рыэкштыньш заявіў, што ўязной візы Латвія не выдавала, але Максім мог трапіць у краіну, маючы на руках шэнгенскую візу іншай дзяржавы ЕС. 
Латвія як верагоднае месцазнаходжання Максіма Бакіева называецца нездарма — той мае ў гэтай краіне бізнэс. Разам з прадпрымальнікам Валерам Белаконем ён — суўладальнік фінансавай кампаніі Maval aktīvi, а таксама займае пасаду намесніка старшыні рады піваварні Kimmels Rīga.
Іншыя крыніцы не выключаюць, што Максім пагэтуль знаходзіцца ў ЗША, куды вылецеў для ўделу ў эканамічным форуме акурат напярэдадні гарачых падзеяў у Бішкеку.
Апрача Максіма і Марата, Курманбек Бакіеў мае як найменш яшчэ аднаго непаўналетняга сына і дачку ад неафіцыйнай жонкі. Пра іх узгадаў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы 20 красавіка ў парламенце.
Паведамлялася, што законная жонка Бакіева Таццяна 6 красавіка зляцела ў Маскву. А напярэдадні ад'езду Курманбека Бакіева часовы ўрад абвесціў пра гарантыі бяспекі прэзідэнту, "яго непаўнагадовым дзецям і жонкам". Верагодна, менавіта з "чакол" — неафіцыйнай малодшай жонкай, і малымі дзецьмі ён прыляцеў у Мінск.
Курманбек Бакіеў з афіцыйнай жонкай Тацянай у дзень выбараў 23 ліпеня 2009 года. У іх два поўнагадовых сыны - Марат і Максім.
Кыргызская апазіцыя сцвярджае, што неафіцыйная жонка далёка не адна — іх як мінімум тры. 
"Пры К. Бакіеве  ў Кыргызстане адрадзіліся не толькі феадальныя парадкі, але і  маральны заняпад, а разлажэнне апораў сям'і стала нормай жыцця. Увесь Кыргызстан ведае, што К. Бакіеў мае 3+ жонкі, вядзе з імі супольную гаспадарку, мае дзяцей", — піша былы амбасадар Кырызстана Раўшан Жэенбекаў, сябра партыі "Ата Мекен".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі