Franck Muller і "Луч" за 2 гады выпусцілі толькі 3 мадэлі гадзіннікаў

Мінскі
гадзіннікавы завод сумесна з новым уладальнікам, швейцарскай кампаніяй Franck
Muller, за два гады выпусціў толькі 3 мадэлі гадзіннікаў. Іх няма ў продажы.
Пакуль яны захоўваюцца ў выставачнай зале прадпрыемства, і пабачыць іх
немагчыма.

Еўрарадыё зацаніла
новыя “катлы”, зробленыя разам са швейцарцамі, і старыя гадзіннікі беларускай
зборкі, але з імпартных запчастак.

Здымаць новыя
гадзіннікі не дазволілі. Але далі патрымаць у руках. У продажы яны з'явяцца да
канца года, калі адкрыецца крама "Луч" насупраць ГУМа. Каштаваць
будуць каля 2 мільёнаў.

"Тры віды гадзіннікаў. Першы — механіка,
заводзіцца ад рукі, ёсць дыск датаў. Корпус з нержавеючай сталі, а шкло
сапфіравае. Другі — з аўтападзаводам, заводзіцца ад рукі і падчас руху, калі
чалавек днём працуе. Гэтага заводу хапае на ноч. Ёсць дыск, які паказвае дату,
і тахометр. І трэці від — электрамеханічны, які працуе ад батарэйкі. З тым жа
тахометрам і дыскам датаў і дзён",
— распавядаюць на заводзе.

Сумесныя
гадзіннікі выглядаюць салідна: калі трымаеш у руцэ, адчуваеш іх вагу. Гэта
больш спартовы стыль, мяне ж больш уражваюць іншыя — з адкрытым механізмам.
Заўважаю іх яшчэ ў фірмовай краме і не магу паверыць — "Зроблена ў
Беларусі". Цікаўлюся на прадпрыемстве, чый дызайн, бо вельмі нагадвае той
жа Franck Muller.

"Гэта пакупны варыянт, нібыта вытворчасць
нашага гадзіннікавага завода, але пакупны. Мы набываем корпус і механізм, а
наша толькі зборка",
— адказвае супрацоўніца завода.

Каштуюць такія
каля 270 долараў. Кітайская падробка на швейцарскія гадзіннікі каштуе трошкі
даражэй. Нашы адрозніваюцца ад швейцарскіх толькі надпісам, але ў разы танней.

"Яны нашмат танней, таму што ідзе лагатып
"Луч". Хаця ўсё тое ж, толькі зборка іншая. Калі чалавек — спецыяліст
сваёй справы, то няма розніцы, дзе яны сабраныя: у Беларусі ці Швейцарыі. Гэтыя
мадэлі, якія я вам паказвала, вельмі добра разыходзяцца. Там механізмы Rado і
яшчэ адзін швейцарскі механізм".

Дарэчы, механізмы
ў "Луча" цяпер усе пакупныя. Агулам на збыце каля 2 тысяч розных
гадзіннікаў, і айчынных механізмаў ні ў адным няма. Акрамя "сумесных"
мадэляў, завод выпускае свае.

"Раней былі нашы ўсе механізмы. Цяпер
японскія, швейцарскія і нават кітайскія. Яны не кепскія, але аднаразовыя, ідуць
у танныя гадзіннікі за 200 тысяч".

На некаторых
"швейцарскіх" мадэлях недарэчы глядзяцца надпісы накшталт
"Зроблена ў Беларусі," нанесеныя проста на цыферблаце. На швейцарскіх
ніхто не піша "Кварц" на палову табло.

 

"Мы абавязаныя наносіць на цыферблаце краіну
вытворчасці і гадзіннікі якога тыпу: кварц ці механічныя — мы не можам проста
прыбраць гэты надпіс зусім. У іх больш сучасны дызайн, адкрытая вось балансу і
цалкам адкрыты механізм. Карыстаюцца попытам у пакалення памаладзей. Можа, не
такім, як нам хацелася б, але попыт ёсць. Спрацоўвае псіхалогія, нехта цэніць
беларускі тавар, а нехта наадварот",
— распавядаюць у бюро маркетынгу.

Franck Muller
зрабіў сумесна з заводам "Луч" толькі тры мадэлі гадзіннікаў за 2
гады! Швейцарцы валодаюць 80 працэнтамі акцый мінскага прадпрыемства. За гэты
час замежнікі паставілі на завод сваё старое абсталяванне... за грошы.
Цяперашняга ж заробку супрацоўнікаў, які амаль не змяніўся, хапае хіба што на
адзін "сумесны" гадзіннік.

А вось і гадзіннікі сабраныя па швейцарскім дызайне, яшчэ пры старым уладальніку. Усе механічныя з аўтападзаводам.