Беларускі будаўнік пра Венесуэлу: “Аднаго прараба абрабавалі 6 разоў”

Прывады ў міліцыю былі? Не за год, не за два, не за тры — а за ўсё жыццё? — папярэджвае спецыяліст па кадрах “Белзамежбуда”, калі я папрасіўся на працы ў Венесуэлу. — Калі прывады былі, то будзе адмоўлена.

— А які заробак? Вось я — маляр-тынкоўшчык…

— Ад паўтары тысячы долараў.

— А колькі трэба знаходзіцца ў Венесуэле?

— Адзінаццаць месяцаў.

— І як наконт бяспекі?

— Калі не будзеце ўначы сноўдацца па барах, то вас ніхто не абрабуе.

Кампанія “Белзамежбуд”, якая ўзводзіць жылыя дамы і прадпрыемствы ў Венесуэле, набірае рабочых для камандзіровак у Лацінскую Амерыку. Аб’явы можна сустрэць у выглядзе бягучых радкоў на некаторых кабельных тэлеканалах.

Прагледзеўшы форумы, дзе камандзіраваныя раней у Венесуэлу рабочыя распавядаюць пра “Белзамежбуд”, сустракаю і адмоўныя допісы. Скардзяцца ў асноўным на цяжкія ўмовы працы: па 14 гадзін у страшэнную спякоту. Таксама наракаюць на медыцынскае абслугоўванне: калі са здароўем непарадак і трэба звяртацца да мясцовых дактароў — то звароту грошай са страхоўкі трэба чакаць доўгія месяцы, і ў выніку губляеш каля 70 долараў. 

Выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Кірыл Мозгаў ездзіў у венесуэльскі Маракай практыкантам у мінулым годзе. За два месяцы ён  зарабіў 12 мільёнаў рублёў і 400 долараў.

Будоўля ў Маракаі

--А тыя людзі, якія там добра прыладзіліся пасля ўніверсітэта, казалі, што каля двух тысяч долараў са старта чыстымі маюць на картку. Штомесяц, — кажа Кірыл Мозгаў. — Арганізацыя здымае жыллё, забяспечвае ўсёй бытавой тэхнікай. Адвозяць і прывозяць на работу. Абедаюць яны прама на аб’екце. То бок расходаў у прынцыпе ніякіх.

У сталоўцы

Еўрарадыё: Кажуць, што без аўтаматчыкаў нашаму чалавеку ў Венесуэле на двор не выйсці. А "асальтанты" могуць прыйсці і дадому…

Кірыл Мозгаў: Усе жылыя будынкі там агароджаны чатырохметровым плотам, з калючым дротам, і пад электрычнасцю. На аўтобусах адвозяць з будоўлі да ўвахода ў гатэль. Краіна вельмі небяспечная: зброя, наркотыкі, злачыннасць. Рэкамендуецца ў цёмны час на двор не выходзіць. Калі прытрымлівацца правілаў, якія ўсталяваны ў кампаніі, то, у прынцыпе, працаваць магчыма. Але нашы людзі, вы ж ведаеце, могуць выпіць, і ім ужо не хапае. І а дзясятай вечара ідуць кудысьці ў краму. Тады пачынаюцца нейкія ўжо праблемы. 

Еўрарады: Бывалі выпадкі, каб у нашых рабочых нета адбіралі?

Кірыл Мозгаў: Аднаго прараба абрабавалі шэсць разоў. Стабільна хаця б раз, але кожнага рабуюць. Калі прыязджаеш у Венесуэлу, з самага пачатку ідуць інструкцыі: калі да вас падыходзяць з пісталетам ці так проста і кажуць нешта аддаць, трэба аддаваць усе грошы, любую бытавую тэхніку. І яны адпускаюць. Нават, расказвалі, гісторыі ёсць. Твой дом знаходзіцца побач з паліцэйскім участкам. Выходзіш з пад’езда, і тут жа пад’язджаюць, з нейкай зброяй, адымаюць усё і з’язджаюць. А побач — участак паліцэйскі стаіць. І нічога.

Еўрарадыё: А асабіста табе нож да горла прыстаўлялі?

Кірыл Мозгаў: За намі быў вельмі пільны нагляд. Выходзілі мы з гатэля толькі засветла, у суправаджэнні  дваіх людзей. Таму такога не здаралася. Але аднойчы раніцай мы паехалі працаваць, і ў гасцініцы, дзе мы жылі, у мяне скралі ноўтбук. Побач з нашым нумарам спыніліся нейкія мясцовыя. Прыбіральшчыца адчыніла дзверы ў нумар і пайшла па мыйныя сродкі. Гэтыя мясцовыя шлі міма і скралі ў мяне ноўтбук. Там былі разборкі. Мы высвятлялі, як і што. Нам сказалі, што з паліцыяй звязвацца — бессэнсоўна, яна там нічога не вырашае. Спрабавалі нешта высветліць па сваіх каналах, канешне, нічога не атрымалася. У гасцініцы аказаліся вельмі прыстойныя гаспадары, еўрапейцы, з Галандыі. Палову кошту скрадзенага ноўтбука яны мне вярнулі.

Еўрарадыё: А што наконт клімату? Ці быў трапічны рай?

Кірыл Мозгаў: Лічылася, што мы былі там узімку. Гэта +25 градусаў. У нас такое лета. Калі ж наступае іх лета, то там — пад +40, з вільготнасцю да 100%. Гэта насамрэч жахліва, патрэбна добрае здароўе. Паверце, нам і ўзімку хапіла. Выходзіш з адміністратыўнага будынка і ідзеш да месца працы каля кіламетра па тэрыторыі, і прыходзіш увесь мокры, з мокрай кашуляй. Калі ж працаваць пачынаеш, то ўсё можна выціскаць.

Спёка часам паглынала ўсю энергію прама на будаўнічым аб'екце

Еўрарадыё: Венесуэльская газета El Universal пісала пра новабудоўлі ў Маракаі, дзе вы працавалі — што, на іх думку, збудавана несумленна. На некаторых фотаздымках, якія рабілі беларускія будаўнікі, таксама паказаны разнастайныя аддзелачныя хібы…

Кірыл Мозгаў: Высокакваліфікаваныя кадры на аб’ектах “Белзамежбуда” — гэта беларусы. Але працуе нямала венесуэльцаў. Распавядалі, што іх вучылі з нуля. У справах будаўніцтва яны былі як малпы, якія спусціліся з пальмы. Не ўмелі нічога ўвогуле. А патрэбна было, каб яны кіравалі будаўнічай тэхнікай, каб спраўляліся з новай еўрапейскай апалубкай. Нехта навучыўся, яны спраўляюцца лепш. Але калі венесуэльцы толькі з’яўляюцца, гэта нейкі жах. Прарабы распавядалі, як саджалі венесуэльцаў на пад’ёмныя краны. Тых, якія стаялі на зямлі, ледзь не пазабівалі. Усё ляцела ў бакі — людзі толькі паспявалі хавацца.

Дамы будуюцца ў сейсмічна небяспечнай зоне. Канструкцыя зроблена вельмі простая і трывалая. Нічога не паваліцца. А вось аддзелачныя працы часам бываюць недасканалыя.  

Аддзелка не заўжды выглядае прывабнай

Але ў цэлым аб'екты выглядаюць годна

З венесуэльскімі калегамі

Еўрарадыё: Венесуэльскія дзяўчыны часта перамагаюць на конкурсах “Міс свету”. Можа, круцілі там раманы з мясцовымі прыгажунямі?

Кірыл Мозгаў: Былі ў крамах, яшчэ дзесьці. Але такія, напэўна, па вуліцах не ходзяць. Адну па-сапраўднаму прыгожую дзяўчыну, калі адляталі, бачылі ў аэрапорце. У іх спецыфічныя густы наконт жанчын, яны любяць, каб было ўсяго пабольш. Стройнасць – гэта нямодна. Трэба, каб памеры былі агромністымі.

Яшчэ ёсць такая рэч (каб вам не схлусіць): там вельмі шмат мужчын, у якіх нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя. Мы ледзь не на кожным аб’екце сутыкаліся з такімі. Усе гэтыя прыколы, жарты…

Венесуэльскіх дзяўчат у гатэлі не было. Затое настрой

будаўнікам-практыкантам узнімаў гэты папугай.


Еўрарадыё: Па попе пляскалі ці што?

Кірыл Мозгаў: Ну, бывала і такое. Мы адмоўна ставімся, а яны смяюцца, пацяшаюцца і забаўляюцца, груба кажучы…

Паводле слоў Кірыла Мозгава, час у Венесуэле ён правёў так, што калі б не заплацілі, ён бы моцна не шкадаваў. Штовыходныя беларускіх практыкантаў вазілі купацца на бераг Карыбскага мора. Некаторыя святы, як Дзень будаўніка, адзначалі на шыкоўным ранча. Было на што паглядзець.

Некаторых практыкантаў пасля мінулагодняй камандзіроўкі запрасілі ў Венесуэлу зноўку. А Кірыла не паклікалі з-за гісторыі з ноўтбукам. Маўляў, канфліктны чалавек, такім у тропіках – не месца. 

На адным з венесуэльскіх пляжаў


Падчас адпачынку

Фота з асабістага архіва Кірыла Мозгава

Пра тое, чаго больш за ўсё баяцца беларусы, слухайце у вулічнай апытанцы Еўрарадыё: 

120727 STR Strah.mp3


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі