Беларусь ліквідуе амбасаду ў Швецыі і адклікае ўсіх дыпламатаў
Шведам прапанавана закрыць амбасаду ў Беларусі да 30 жніўня. МЗС Беларусі падкрэслівае, што гаворка пра разрыў дыпламатычных адносінаў не ідзе.
У сераду МЗС Беларусі заявіў, што адклікае сваё пасольства ў Швецыі. У МЗС кажуць, што ў Мінску спадзяваліся на "вяртанне двухбаковых адносінаў у канструктыўнае рэчышча", аднак МЗС Швецыі пайшоў на "абвастрэнне і дадаткова прыняў рашэнне аб выдварэнні з краіны дваіх старэйшых дыпламатаў пасольства Беларусі, уключна з Часовым Павераным". Таксама было адмоўлена ва ўездзе ў Швецыю новага беларускага амбасадара, інфармуе БЕЛТА.
Шведскаму боку прапанавана адклікаць сваю амбасаду ў Мінску да 30 жніўня.
Аднак у МЗС Беларусі падкрэсліваюць, што гаворка пра разрыў дыпламатычных адносінаў не ідзе.
Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што ўлады Беларусі не працягнулі акрэдытацыю амбасадару Швецыі ў нашай краіне Стэфану Эрыксану. Пачалася сапраўдная дыпламатычная вайна паміж Мінскам і Стакгольмам.

МЗС Швецыі адрэагаваў на гэта спецыяльнай заявай. Карл Більт, міністр замежных спраў Швецыі, заявіў, што выгнанне шведскага амбасадара з Беларусі "з'яўляецца грубым парушэннем нормаў дачыненняў паміж дзяржавамі". Абвінавачванні ў бок амбасадара з боку ўладаў Беларусі Більт назваў неабгрунтаванымі.
Тады ў МЗС Беларусі Еўрарадыё паведамілі, што амбасадара Швецыі не выганялі, было прынятае рашэнне аб непрацягненні яго акрэдытацыі. Таксама падкрэсліваецца, што сітуацыя не звязаная з так званым "цацачным дэсантам".
Андрэй Савіных: "Спадар Стэфан Эрыксан працаваў у Мінску каля 7 гадоў. Гэта доўгі тэрмін. За гэты час уся яго дзейнасць была накіраваная не на ўмацаванне беларуска-шведскіх адносінаў, а на іх разбурэнне".
Адзначым, што днямі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе "адэкватны адказ" за нелегальны палёт у Беларусь шведскага самалёта.
Фота — belarus.by