Раўкоў: сучасная вайна пачынаецца з вуліцы, з плошчы

Раўкоў: сучасная вайна пачынаецца з вуліцы, з плошчы

16 ліпеня дзяржсакратар Саўбеза Беларусі Андрэй Раўкоў разам з Аляксандрам Лукашэнкам наведаў 103-ю паветрана-дэсантную брыгаду ў Віцебску. Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступе перад вайскоўцамі нагадаў пра лета 1941-га, калі кіраўніцтва Савецкага Саюза "прашлёпала" пачатак вайны. А якой будзе вайна сёння, якія мэты будуць у агрэсара, калі ён нападзе на Беларусь? — задаўся пытаннем Лукашэнка.

Пра пагрозы і рызыкі, якія існуюць у цяперашнім свеце, выказаўся дзяржсакратар Савета бяспекі. Раўкоў нагадаў, што з улікам сучасных канфліктаў, якія аналізаваліся, былі ўнесены змены ў вайсковую дактрыну.

"Як пачнецца гэтая вайна? — гаварыў Андрэй Раўкоў. — Па-рознаму. Амерыканцы, праводзячы нейкія аперацыі на тэрыторыі іншых дзяржаў ні разу сябе не паўтарылі".

Па словах дзяржсакратара Саўбеза, стаіць задача "быць гатовымі да любога развіцця падзей". Раўкоў падкрэсліў, што сучасная вайна пачыналася не паветраным ударам ці ўводам сухапутнай групоўкі, а "пачыналася з вуліцы, з плошчы... з разгойдвання сітуацыі знутры".

"Не трэба распускаць соплі і думаць пра тое, што вось нехта сказаў, што войска будзе супраць народа, армія будзе страляць супраць народа, — кажа Андрэй Раўкоў. — Я ўжо, таварыш прэзідэнт, ад душы скажу. Але мы павінны выразна разумець, мы — сілавы інструмент. Не толькі Узброеныя Сілы, але і міліцыя, АМАП, і органы ўнутраных спраў, і ўнутраныя войскі, і памежнікі, і іншыя сілавыя структуры".

Па словах Андрэя Раўкова, стаіць задача не дапусціць гібелі беларускай дзяржавы, "не дапусціць кровапраліцця ў народзе". "Калі мы гэта дапусцім, значыць, мы прайгралі бой, — працягвае дзяржсакратар Саўбеза. — А калі раптам пачнецца... гэта будзе таемна, ціха: арганізацыя масавых беспарадкаў, што вы зараз, я ўпэўнены, бачыце, назіраеце".

Раўкоў: "Наша задача — выканаць [загад] у той момант, калі гэта спатрэбіцца. Натуральна, з унутранымі войскамі, з міліцыяй, з іншымі сілавікамі, якія будуць першымі выконваць задачы".

Сілавыя структуры Беларусі павінны быць гатовыя да выканання задач па прадухіленні тэрарыстычных нападаў, масавых беспарадкаў і іншых негатыўных праяў, заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі