Вы тут

Расіяне сталі меней верыць у добрыя адносіны з Беларуссю

Фота з архіву

Расіяне сталі меней верыць у добрыя адносіны з Беларуссю. Згодна з апошнім сацыялагічным апытаннем фонда "Грамадскае меркаванне", толькі 50% рэспандэнтаў станоўча ацэньвае цяперашнія беларуска-расійскія адносіны, паведамляе ria.ru. А болей за тры гады таму, у кастрычніку 2015 года, такіх рэспандэнтаў было 79%.

17% рэспандэнтаў ахарактарызавалі адносіны паміж дзвюма краінамі як кепскія (у 2015 годзе такіх было 6%).

На тое, што праз год адносіны паміж Беларуссю і Расіяй будуць лепей, спадзяюцца 33% апытаных, песімістычныя прагнозы робяць 6%, а яшчэ 24% мяркуюць, што нічога не зменіцца.  

Апытанне праводзілася 19-20 студзеня ў 104 населеных пунктах 53 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі сярод 1,5 тысячы рэспандэнтаў. Статыстычная пагрэшнасць не перавышае 3,6%.

У рэспандэнтаў таксама спыталі пра стаўленне да беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. 47% апытаных ставяцца да яго добра (у 2015 годзе было 54%), яшчэ 40% паведамілі, што гэтая асоба ім абыякавая (33% у 2015 годзе) і 6% адзначылі, што яны кепска ставяцца да Лукашэнкі (3% у 2015 годзе).