Радзькоў: Следчыя знойдуць вінаватых у зрыве беларускіх паставак у Расію

Вінаватых у сітуацыі з пастаўкамі беларускай прадукцыі будуць шукаць следчыя органы Беларусі і Расіі, паведаміў памочнік прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. Па яго словах, адпаведныя даручэнні далі кіраўнікі дзяржаваў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Па яго словах, адпаведная тэма абмяркоўвалася кіраўнікамі Беларусі і Расіі ў Маскве, і расійскі лідэр адзначыў, што гэтыя рашэнні прымаліся без яго ведама. "Таму запрасілі і кіраўніка расійскай мытні, Данкверта (кіраўніка Рассельгаснагляду — Еўрарадыё). І яны спрабавалі апраўдацца. Але як можна апраўдацца Рассельгаснагляду, калі па нейкіх парушэннях вы адразу зачыняеце 21 прадпрыемства, а потым пачынаеце правяраць... А там, аказваецца, нармальная вытворчасць еўрапейскага ўзроўню з усімі стандартамі, з добрай прадукцыяй. Будуць разбірацца, аж да крымінальных спраў", — перадае БЕЛТА словы беларускага чыноўніка.

Радзькоў заявіў, што ў Беларусі і Расіі ўжо ёсць досвед такой супрацы на прыкладзе Уладзіслава Баўмгертнера і расследавання па калійных угнаеннях: "Паводзьце сябе прыстойна. Гэта значыць, вырашайце свае інтарэсы, але не за кошт нас. І ў гэтай сітуацыі мы заўсёды былі сумленныя, прыстойныя, адкрытыя, але і патрабуем таго ж ад сваіх партнёраў на любым узроўні: фірмы, карпарацыі, дзяржавы, Мытнага саюза і гэтак далей".

Згадваючы сітуацыю з расійскім прадуктовым эмбарга, Радзькоў адзначыў, што гэтыя меры закранулі і Беларусь. Вінаватымі ў сітуацыі ён назваў расійскія ўлады і бізнэсоўцаў. Ён прывёў прыклад, што часам выяўляліся факты, калі кантрафактная прадукцыя з Еўропы дастаўлялася ў расійскі Калінінград, дзе пасля афармлялася на падстаўную фірму-аднадзёнку.

Разам з тым ён выказаў упэўненасць, што праблемныя пытанні ўдасца ўрэгуляваць, у тым ліку дзякуючы добрым адносінам паміж кіраўнікамі Беларусі і Расіі.

Фота — dzyannica.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі