Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл "Грибы" і кліп на яго ад гурта "Зьмяя"

Гурт "Зьмяя" прэзентуе на Еўрарадыё новы сінгл "Грибы" і лірык-відэа да яго.

Вось як музыкі тлумачаць сэнс свайго новага шэдэўра:

"Галоўны герой, апынуўшыся тварам да твару з небяспекай, не падае духам. Выяўляючы сілу волі і гнуткасць дапытлівага розуму, ён заводзіць сяброўства з патрэбнымі персанажамі, якія ў сваю чаргу дзеляць з ім прытулак, ежу і не толькі. Але як бы ні было добра на прасторах нашай раскошнай славянскай прыроды, галоўны герой усё ж адчувае трапяткія пачуцці пры ўспаміне пра цывілізацыю, у якой ён вырас і пасталеў. У памяць пра былыя часы ў яго засталася толькі клямка, як сімвал пераходу з аднаго свету ў іншы".

Нагадаем, апошні альбом "Зьмяі" "Попробуй" выйшаў у 2013 годзе. Цяпер каманда працуе над стварэннем новай кружэлкі ў стылістыцы Power-Pop-Rock.