"Прагрэс М" ужо разбіваўся некалькі гадоў таму

"Прагрэс М-27М" стартаваў на ракеце-носьбіце "Саюз" з касмадрома Байканур 28 красавіка. Але адбыўся збой, і карабель пачаў некантраляванае зніжэнне. Ён упаў на Зямлю 8 траўня. Еўрарадыё вырашыла ўспомніць, якія касмічныя катастрофы адбываліся апошнія гады.

26 ліпеня 2006 года

Пацярпела аварыю расійская ракета-носьбіт “Днепр” з беларускім касмічным апаратам БелКА. У выніку аварыі апарат быў знішчаны. Камісія выявіла, што прычынай аварыі стала парушэнне працы гідрапрываду чацвёртага рухавіка першай ступені.

28 лютага 2006 года

Ракета-носьбіт не здолела вывесці на арбіту спадарожнік Arabsat-4A Саудаўскай Аравіі. Паводле адной з версій, у гідратурбіну рухавіка разгоннага блока “Брыз-М” трапіла старонняя часцінка, паводле іншай — разбурыўся падшыпнік у турбанасосным агрэгаце рухавіка.

6 верасня 2007 года

Аварыя пад час запуску японскага спадарожніка JCSat-11. Адбылося незапланаванае адключэнне рухавікоў другой ступені “Пратона-М”. Другая і трэцяя ступені (разгонны блок “Брыз-М”) упалі ў 50 км на захад горада Жазказган у Казахстане. За экалагічную шкоду Расія заплаціла 2,5 мільёны долараў. Прычынай катастрофы стала няякасная ізаляцыя кабелю.

15 сакавіка 2008 года

Ракета-носьбіт не вывела на арбіту амерыканскі спадарожнік сувязі. Рухавік разгоннага блока “Брыз-М” адпрацаваў менш чым патрэбна, і касмічны апарат выйшаў на неразлічаную арбіту. Прычына — разбурэнне трубапроваду.

5 снежня 2010 года

Аварыя падчас запуску трох спадарожнікаў “ГЛОНАСС-М”. Ракета адхілілася ад траекторыі, разгонны блок “ДМ-03”, і касмічныя апараты зваліліся ў Ціхі акіян. Прычына — у разгонны блок залілі на 1,5 тоны вадкага кіслароду болей, чым патрэбна.

1 лютага 2011 года

Расійскі спадарожнік-шпіён на ракеце-носьбіце “Рокат” быў выведзены на неразлічаную арбіту, выкарыстоўваць яго па прызначэнні немагчыма.

18 жніўня 2011 года

“Пратон-М” не вывеў на арбіту спадарожнік сувязі. Сувязь з касмічным апаратам была страчаная 25 сакавіка 2012 года. Ён быў патоплены ў Ціхім акіяне. Праз гэта не перавялі на лічбавае вяшчанне 19 расійскіх рэгіёнаў.

23 жніўня 2011 года

Грузавік “Прагрэс М-12М” не здолеў даляцець да МКС і даставіць туды харчаванне і абсталяванне. Карабель упаў у раёне Алтая. Прычына — пазаштатная праца рухавіка трэцяй ступені ракеты-носьбіта “Саюз-У”. Праз засарэнне тракту падачы гаручага расход паліва быў скарочаны, і рухавік адключыўся.

9 лістапада 2011 года

Правал запуску на Марс міжпланетнай станцыі “Фобас-грунт”. Пасля аддзялення ракеты-носьбіта “Зеніт” на апараце не ўключыліся рухавікі. Спробы аднавіць сувязь з апаратам і вывесці яго на арбіту праваліліся.

23 снежня 2011 года

Тэлекамунікацыйны спадарожнік “Мерыдыян-5” пасля старту з касмадрома Плясецк упаў на Зямлю. Прычынай аварыі ракеты-носьбіта “Саюз-2” у ваенным апараце сталі праблемы ў рухавіку.

7 жніўны 2012 года

Няўдалы запуск ракеты-носьбіта з двума спадарожнікамі сувязі. Раскосмас прызнаў, што апараты згубленыя. Прычына аварыі — збой у працы разгоннага блока “Брыз-М”. Адна з версій — засарэнне магістралі надзьмування паліўных бакаў.

8 снежня 2012 года

Падчас вывядзення на арбіту тэлекамунікацыйны спадарожнік “Ямал-402” аддзяліўся ад разгоннага блока “Брыз-М” на 4 хвіліны раней. Але выйшаў на арбіту з дапамогай уласных рухавікоў.

24 красавіка 2013 года

На расійскім грузавіку “Прагрэс М-19М” не раскрылася антэна сістэмы забеспячэння аўтаматычнага збліжэння і стыкоўкі з МКС. Стыкоўка была праведзеная ў рэзервовым рэжыме.

2 ліпеня 2013 года

Ракета-носьбіт “Пратон-М” з разгонным блокам і трыма спадарожнікамі “ГЛОНАСС-М” упала на першай хвіліне старту і ўзарвалася на тэрыторыі касмадрома.

1 лютага 2013 года

Пуск ракеты-носьбіта “Зеніт-3SL” з тэлекамунікацыйным спадарожнікам прайшоў няўдала — ракета і спадарожнік упалі ў Ціхі акіян. Прычына — адмова бартавой крыніцы магутнасці, зробленай ва ўкраінскім КБ “Паўднёвае”.

16 траўня 2014 года

Аварыя “Пратона-М” з касмічным апаратам сувязі. Ракета, разгонны блок і спадарожнік згарэлі ў шчыльных слаях атмасферы над Ціхім акіянам. Галаўная ачыстка не здолела аддзяліцца ад ракеты. Згодна з вынікамі камісіі, прычына аварыі — разбурэнне падшыпніка ў турбанасосным агрэгаце рулявога рухавіка трэцяй ступені ракеты.

28 кастрычніка 2014 года

Ракета Antares узарвалася пад час старту з касмадрома ў ЗША. Гэта мусіў быць трэці палёт на МКС з васьмі запланаваных.

31 кастрычніка 2014 года

Субарбітальны касмічны апарат SpaceShip Two разваліўся над пустыняй Махаве на поўдні Каліфорніі падчас трэніровачнага палёту. Адзін пілот загінуў, другі катапультаваўся.

Касмічны карабель павінен быў вазіць турыстаў. Цягам 2 гадзін палёту яны мусілі трапіць у бязважкасць і ўбачыць Зямлю з вышыні 100 км. На палёт коштам 250 тысяч долараў запісалася больш 800 чалавек, сярод іх знакамітасці — Том Хэнкс, Эштан Кутчэр, Анджаліна Джалі, Лэдзі Гага і Кэці Пэры.

Фота: РИА Новости, ИТАР-ТАСС, NASA