Вы тут

"Лёд крануўся": праціўнікі завода АКБ ў Брэсце 3 гадзіны пераконвалі губернатара

Завод "АйПаўэр" пад Брэстам / "Медыя-Палессе"

Праціўнікі акумулятарнага завода пад Брэстам тры гадзіны размаўлялі з кіраўніком вобласці Анатолем Лісам. Па іх словах, старшыня Брэсцкага аблвыканкама абяцаў ужо на гэтым тыдні праверыць інфармацыю пра шкодныя выкіды з завода і прыняць рашэнне аб яго будучыні.

"Лёд крануўся! Ёсць уражанне, што [улады] шукаюць афіцыйную нагоду зачыніць [завод], афіцыйную нагоду ўсё гэта спыніць", — кажуць удзельнікі сустрэчы.

"Мне спадабалася, што ўсё будзе аператыўна, хутка. У адміністрацыі правераць усе паперы і, калі ўсё пацвердзіцца, дык прымуць рашэнне, — распавядае ўдзельнік сустрэчы ў губернатара, блогер Сяргей Пятрухін. — Мне асабіста падалося, што ўлады маюць намер рабіць крокі па закрыцці завода. Анатоль Васілевіч [Ліс] пабачыў, што факты, якія яму далі, абуральныя. Але сказаў, што трэба, каб гэтыя факты пацвердзіліся".

Зараз на акумулятарным заводзе ідуць пусканаладачныя работы. Працу камісіі па прыёмцы прадпрыемства працягнулі да 21 чэрвеня. А днямі стала вядома, што Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ініцыяваў адміністратыўны працэс па факце перавышэння заводам нормаў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу.